BE RU EN

Пасажыры рэйса «Вільня-Менск»: Аўтобус зламаўся, а іншага не даслалі

  • 23.04.2013, 9:20

Дзесяткі беларусаў апынуліся ў сітуацыі, калі з Літвы не з'ехаць.

- У нядзелю павінна была вяртацца з Вільні на аўтобусе. Брала квіткі на 15.50, але аўтобус не прыйшоў, - распавядае менчанка Кацярына. - Натоўп людзей кінуўся да кас, але на іншыя рэйсы квіткоў ужо не было. На чыгуначным вакзале таксама квіткоў не аказалася. А ў панядзелак людзям на працу! Многія лавілі спадарожкі ці выклікалі таксі да мяжы. А потым прасілі знаёмых забраць з беларускага боку мяжы або ўломвалі на памежным пераходзе кіроўцаў, якія ехалі на Менск.

У аўтобусным парку № 2 Менска пацвердзілі, што ў іх аўтобуса здарылася паломка, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Аўтобус даехаў да Вільні, але зваротны рэйс зрабіць не змог - зламалася кола. Мы даведаліся аб гэтых непаладках літаральна за дзесяць хвілін да выезду, - распавёў «Комсомолке» намеснік дырэктара па перавозках аўтобуснага парка №2 Сяргей Ласіцкі. - Літоўцы іншага аўтобуса даць не змаглі, ды і магу сказаць, што гэта не так проста аформіць па дакументах. Мы пачалі шукаць аўтобус, які прыедзе з Менска за людзьмі, але калі праз сорак хвілін такі знайшлі, у Вільні сказалі, што ўсе ўжо здалі квіткі і жадаючых ехаць няма.

- Але вы ж не апавясцілі людзей аб тым, што аўтобус шукаюць?!

- Мы не маглі папярэдзіць пасажыраў, таму што не ведалі, ці знойдзем свабодны аўтобус.

Пасажыры выйгралі б суд

- Безумоўна, правы пасажыраў парушаныя. У гэтай сітуацыі пасажырам можна смела звяртацца ў суд, - распавялі ў Таварыстве абароны правоў спажыўцоў. - Справу дапамогуць скласці бясплатна ў сектары абароны спажыўцоў упраўлення гандлю і паслуг Менгарвыканкама. Таксама можна звярнуцца ў адміністрацыю свайго раёна. Потым накіраваць прэтэнзію ў аўтобусны парк і, калі добраахвотна прэтэнзія задаволеная не будзе, звяртацца ў суд. Галоўнае, каб у людзей захаваліся пацверджанні таго, што ў іх быў квіток на гэты рэйс. Таксама патрэбныя будуць чэкі за таксі, калі яны дабіраліся на ім да мяжы. Маральныя страты таксама можна будзе паспрабаваць спагнаць.

Апошнія навіны