BE RU EN

Намеснік міністра эканомікі думае, што банкруцтва не будзе

  • 2.04.2013, 19:57

На думку намесніка міністра эканомікі Антона Кудасава, уступ Расеі ў СГА «не нясе ніякіх сур'ёзных наступстваў для Беларусі».

Пра гэта Кудасаў заявіў 2 красавіка, выступаючы на сэмінары ў «савеце рэспублікі», паведамляе БелаПАН.

«Рэч не ў тым, што Расея стала чальцом СГА і ўзяла на сябе нейкія абавязкі, а ў тым, што яна праводзіць пэўную эканамічную палітыку. Яна пачалася ў 1990-я гады і зыходзіць з таго, што ўрад павінен ухіліцца з прамысловасці і ў меншай ступені з сельскай гаспадаркі і аддаць усе на рэгуляванне рынку. Гэтыя падыходы фармаваліся не толькі пад уплывам міжнародных структур, прыйшла пэўная каманда ў 1990-я гады. Менавіта такім чынам яна бачыць развіццё краіны», - адзначыў Кудасаў.

Ён нагадаў, што спецыфіка Сусветнай гандлёвай арганізацыі ў тым, што «кандыдат павінен дастасаваць сваё заканадаўства да патрабаванняў СГА не пасля ўступу, а да, і Расея гэтым займалася ўсе 2000-я гады».

Таму, са слоў Кудасава, з пункту гледжання эканамічнай палітыкі Расею можна разглядаць як краіну, што даўно знаходзіцца ў СГА. І Беларусь, адзначыў ён, гэта адчувае ў пастаўках на ўнутраны рынак РФ пэўных тыпаў прадукцыі.

Кудасаў таксама падкрэсліў, што ў справе абароны свайго рынку ніхто даўно не спадзяецца на мыты. Ёсць тэхнічнае рэгуляванне, патрабаванні да якасці і іншыя «крэатыўныя», як ён выказаўся, захады. «Мыты не здольныя абараніць ад Кітая», - заявіў намеснік міністра эканомікі Беларусі.

Меркаванне чыноўніка супярэчыць ацэнкам незалежных экспэртаў. Дзеля ўступу Расеі ў СГА беларускім прадпрыемствам трэба будзе зніжаць выдаткі і звальняць частку працаўнікоў.

Раней эканаміст Леанід Заіка распавёў сайту charter97.org, чым для Беларусі пагражае ўступ Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА).

«Першыя паўгода-год эфэкт ад уступу Расеі ў СГА для Беларусі будзе не вельмі прыкметным. Асноўныя змены пачнуцца праз 1,5-2 гады. Упадзе канкурэнтаздольнасць нашых аграрных, швачных ды іншых прадпрыемстваў пад наплывам больш танных тавараў з Расею. Гэта можа прычыніцца да банкруцтва беларускіх вытворцаў», - упэўнены эканаміст.

«Беларускаму бізнэсу трэба будзе адаптавацца. Цяпер у Беларусі ёсць шмат схаваных ніш, дзе мы можам атрымаць плягі. Праз тое, што нашы тавары коштам і якасцю будуць саступаць імпартовым», - мяркуе Заіка.

«Канкурэнцыя на нашым рынку будзе расці, беларускія кошты будуць высокімі, і на вытворчасці трэба будзе зніжаць выдаткі і звальняць частку працаўнікоў», - адзначыў эканаміст.

«Галоўная прычына, чаму дзяржавы ўступаюць у СГА - гэта прычыняецца да зніжэння агульнага ўзроўню кошту шмат якіх тавараў. У выніку дабрабыт людзей падвысіцца, але знізіцца ўзровень занятасці. А тым, хто працуе на нерэнтабельнай вытворчасці, давядзецца шукаць новую працу», - распавёў Леанід Заіка.

Калаж: aif.by

Апошнія навіны