BE RU EN

Правяраць «на алкаголь» перад працай будуць не толькі кіроўцаў

  • 2.04.2013, 12:40

Норма аб абавязковым аглядзе для ўстанаўлення факта ўжывання алкаголю можа быць уведзеная і для прадстаўнікоў іншых прафесій.

Пра гэта паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна.

«Норма аб абавязковым перадсменным аглядзе раней распаўсюджвалася толькі на кіроўцаў транспартных сродкаў», - удакладніла Шчоткіна, прадстаўляючы ў аўторак у «палаце прадстаўнікоў» законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон «Аб ахове працы», піша «Інтэрфакс».

«Дадзены законапраект прадугледжвае норму аб тым, што працадаўца павінен арганізаваць штодзённы перадсменны медагляд альбо агляд на прадмет алкагольнага ап'янення і іншых работнікаў, якія выконваюць небяспечныя працы», - паведаміла міністр.

Паводле яе слоў, пералік такіх работ запатрабуе перагляду і будзе зацверджаны Мінпрацы сумесна з зацікаўленымі.

Шчоткіна патлумачыла, што ў адпаведнасці з законапраектам «у мэтах спрашчэння працэдуры агляду прадугледжанае права працадаўцы правяраць сваіх работнікаў на прадмет алкагольнага ап'янення толькі пры наяўнасці дастатковых падстаў - парушэння мовы і парушэння каардынацыі рухаў».

Кіраўнік Мінпрацы выказала ўпэўненасць, што прыняцце гэтага закона «дазволіць скараціць у краіне вытворчы траўматызм».

Папраўкі ў закон «Аб ахове працы» дадуць таксама наймальнікам магчымасць змяняць рэжым працы пры моцнай спякоце або моцным марозе.

Сёння гэты законапраект быў прыняты на сесіі «палаты прадстаўнікоў» у першым чытанні і адпраўлены на дапрацоўку і падрыхтоўку да другога чытання.

Нагадаем, дапушчальны ўзровень алкаголю ў крыві кіроўцаў быў паніжаны з 0,5 да 0,3 праміле ў 2011 годзе.

Апошнія навіны