BE RU EN

«Мадэрнізацыя» па-лукашэнкаўску

  • 2.04.2013, 11:35

Абсталяванне за $300 тысяч іржавее пад снегам на ААТ «Аграфірма «Рассвет» Менскага раёна.

Аграфірма набыла лінію па пасляўборачнай дапрацоўцы бульбы за кошт бюджэтных сродкаў у верасні-кастрычніку 2012 года. У ходзе праверкі Камітэта дзяржаўнага кантролю па Менскай вобласці было выяўлена, што дарагое абсталяванне захоўваецца на адкрытай пляцоўцы без правядзення кансервацыі і замецена снегам. Кошт дадзенай лініі складае 2,5 мільярда рублёў (прыкладна 300 тысяч даляраў), паведамляе прэс-служба КДК.

Пад адкрытым небам у аграфірме таксама захоўвалі 150 тон цэменту, набытага за бюджэтныя сродкі для рэканструкцыі фермы ў вёсцы Каралішчавічы. Кіраўніцтвам таварыства на працягу двух тыдняў не прынятыя меры па яго перамяшчэнню ў складскія памяшканні пасля абвальвання даху будынка. У выніку мяшкі з цэментам і баулы замеценыя снегам, ва ўмовах адлігі назапашваюць вільгаць і месцамі скамянелі.

На момант наведвання гаспадаркі ўстаноўлена, што яшчэ ў снежні 2012 г. быў здадзены ў эксплуатацыю кароўнік на 215 галоў (першы пускавы комплекс). Аднак да гэтага часу (на працягу 3 месяцаў) дадзенае жывёлагадоўчае памяшканне не эксплуатуецца (жывёлы ў хляве не размешчаныя).

Па выяўленых фактах безгаспадарчасці праінфармаваныя мясцовыя органы ўлады для прыняцця экстранных мер па прадухіленні псуты цэменту, забеспячэнню належных умоў захоўвання дарагога абсталявання, уключэння яго ў гаспадарчы абарот, а таксама прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Апошнія навіны