BE RU EN

Беларуская дэлегацыя адмяніла візіт на вясновую сесію МВФ

  • 19.04.2013, 10:39

Беларуская дэлегацыя не паехала на вясновую сесію Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка, якая ў гэтыя дні праходзіць у Вашынгтоне.

Хоць раней афіцыйныя асобы Беларусі заяўлялі пра планы ўдзельнічаць у ёй. Чаму ж візіт беларускай дэлегацыі быў адменены?

Пасланне, якое нельга прапусціць

Беларусь традыцыйна прымала ўдзел у восеньскіх сесіях МВФ, аднак у мінулым годзе ўпершыню паехала і на вясновую сесію фонду, каб абмеркаваць магчымасці паглыблення супрацоўніцтва, пішуць «Белорусские новости».

Планавала беларуская дэлегацыя ехаць на вясновую сесію МВФ і ў гэтым годзе. Пра гэта было заяўлена пасля завяршэння працы ў Менску місіі фонду, якая ў сакавіку ў рамках постпраграмнага маніторынгу прыязджала вывучаць эканамічную сітуацыю ў нашай краіне.

У ходзе вясенняй сесіі МВФ беларускі бок планаваў прэзентаваць пакет прапаноў, у выпадку адабрэння якіх афіцыйны Менск мог бы разлічваць на заключэнне новай крэдытнай праграмы з фондам.

«Мы плануем гэта зрабіць (прадставіць прапановы. - Naviny.by) на вясенняй сесіі кіраўнікоў МВФ і Сусветнага банка ў Вашынгтоне, якая адбудзецца ў красавіку», - адзначаў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў у канцы сакавіка падчас «прамой лініі» ў газеце «Рэспублiка».

Аднак, беларуская дэлегацыя, паводле інфармацыі БелаПАН з некалькіх крыніц, так і не паехала ў Вашынгтон для ўдзелу ў вясновай сесіі МВФ. Чаму? Афіцыйных тлумачэнняў атрымаць не ўдалося.

Згодна з неафіцыйнай версіяй, магчымай прычынай адмены візіту магло стаць пасланне Аляксандра Лукашэнкі да народу і «нацыянальнага сходу», якое запланавана на 19 красавіка і супала па часе з правядзеннем вясновай сесіі МВФ у Вашынгтоне.

У карысць гэтай версіі сведчыць той факт, што пазіцыя беларускага кіраўніка традыцыйна гуляе вырашальную ролю ў перамовах Беларусі з МВФ. Персанал фонду неаднаразова даваў зразумець, што заключэнне новай крэдытнай праграмы будзе шмат у чым залежаць ад яго пазіцыі па пытанні правядзення структурных рэформаў у краіне.

Таму цалкам заканамерна, што беларускія чыноўнікі, рыхтуючыся да перамоваў з МВФ, пастаянна азіраюцца на заявы Лукашэнкі.

Гандаль не дарэчны: рэформы павінны быць комплекснымі

Ацэньваючы перспектывы далейшага супрацоўніцтва Беларусі з МВФ, эксперты ўпэўненыя, што новая крэдытная праграма магчымая толькі ў выпадку гатоўнасці беларускага кіраўніцтва праводзіць глыбокія рэформы.

«Прадстаўнікі МВФ па выніках сакавіцкай місіі заявілі, што чакаюць ад Беларусі праграмы структурных рэформаў, падтрыманай на самым высокім узроўні. Гандаль тут не дарэчны: без гатоўнасці выконваць гэтыя ўмовы наўрад ці варта пачынаць размову пра грошы», - кажа фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары у Менску Вадзім Іосуб.

Беларускія ўлады даюць зразумець, што на некаторыя рэформы ісці гатовыя. У прыватнасці, міністр эканомікі Мікалай Снапкоў у канцы сакавіка адзначаў, што беларускі бок падтрымлівае прапановы МВФ у сацыяльнай сферы, накіраваныя на стварэнне механізмаў адраснай сацыяльнай падтрымкі.

Беларускія эканамісты мяркуюць, што МВФ у выпадку пачатку паўнавартасных перамоў аб новай крэдытнай праграме будзе настойваць на рэалізацыі комплекснай праграмы рэформаў у Беларусі, якая закране не толькі сацыяльную сферу.

«У разуменні МВФ рэформы павінны насіць комплексны характар, і ўключаць і прыватызацыю, і лібералізацыю коштаў, рынку працы, і шэраг іншых момантаў. Калі ў прапановах беларускага боку не будзе комплекснага падыходу да правядзення рэформаў, фонд такі фармат наўрад ці падтрымае», - мяркуе навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Стварэнне механізмаў адраснай сацыяльнай дапамогі ўваходзіць у лік рэкамендацый МВФ, адзначае Вадзім Іосуб. Аднак, перакананы эксперт, першапачаткова фонд будзе звяртаць увагу не на рэфармаванне сацыяльнай сферы, а структурныя рэформы ў рэальным сектары. У той жа час гатоўнасці да такіх рэформаў з боку беларускіх уладаў пакуль няма.

«Відавочна, што пакуль прыхільнасці да глыбокіх рэформаў не відаць. Мала таго, падрыхтаваныя рашэнні, якія вяртаюць краіну ў часы «залатой акцыі», таму наўрад ці можна разлічваць цяпер на нейкі прагрэс у перамовах з МВФ», - кажа Вадзім Іосуб.

Магчыма, гэты неспрыяльны для перамоваў фон і стаў адной з прычын, якая заахвоціла беларускую дэлегацыю адмовіцца ад удзелу ў вясновай сесіі МВФ, рэзюмаваў эксперт.

Апошнія навіны