BE RU EN

Рабочыя «Бабруйскага завода ДВП» спынілі вытворчасць

  • 16.04.2013, 15:40

300 супрацоўнікаў прадпрыемства пратэстуюць супраць скарачэння зарплаты.

15 сакавіка рабочыя філіяла «Бабруйскі завод ДВП» ТАА «БізнесБудСвет» атрымалі на рукі разліковыя лісты і ўбачылі, што ім значна скарацілі прэміяльныя выплаты. Раней яны складалі 40 адсоткаў, а з учорашняга дня скараціліся да 20 адсоткаў у рабочых і да 10 адсоткаў у служачых, піша сайт ПЦ «Вясна».

«У «курылках» людзі пачалі абурацца - як цяпер дзяцей карміць? Пачалі патрабаваць сустрэчы з генеральным дырэктарам, а да гэтага моманту, з сённяшняй раніцы, спынілі вытворчасць, - кажа рабочы завода Аляксандр. - Назваць забастоўкай гэта нельга, лічыце гэта стыхійным спыненнем працы. Да нас нават выходзіў дырэктар, прасіў увайсці ў яго сітуацыю, маўляў, цяжкі эканамічны стан, не выконваецца план. Але на самай справе гэты план рабочыя выконваюць, збыт прадукцыі ідзе, і грошы павінны быць! А генеральны дырэктар пакуль так і не з'явіўся, чакаем».

Рабочыя лічаць, што праблемы пачаліся пасля таго, як іх завод прыватызавала ТАА «БізнесБудСвет». Яны сцвярджаюць, што нават дакладна не ведаюць, дзе знаходзіцца іх новае кіраўніцтва: «ці то ў Магілёве, ці то ў Расеі».

«Старую вытворчасць якасных драўляных пліт новыя гаспадары згарнулі, каб скараціць выдаткі. І мы пачалі вырабляць так званую «макуху», яе нават кардонам не назавеш. Заказчыкі адмаўляюцца яе купляць, але хіба гэта віна рабочых? - пытаецца Алесь. - Яны свой план выконваюць, і гэта не нашы праблемы, і не мы давялі гаспадарку да такога стану».

На заводзе працуе каля 300 рабочых. Яны кажуць, што даведзеныя да роспачы.

«Калі новыя гаспадары не спраўляюцца з вытворчасцю, мы будзем патрабаваць праверкі ад дзяржкантролю, - кажа рабочы заводу ДВП. - А пакуль нам было б цікава паслухаць, што скажа гендырэктар».

Сайт charter97.org паспрабаваў звязацца з кіраўніком завода Андрэем Вяльчыцкім, аднак на прадпрыемстве паведамілі, што яго няма на працоўным месцы. Ад каментароў з нагоды канфлікту з рабочымі ў прыёмнай дырэктара адмовіліся.

Забастоўкі і канфлікты на беларускіх прадпрыемствах сталі больш частымі ў апошнія месяцы. Кіраўніцтва імкнецца не дапусціць траплення інфармацыі пра пратэсты рабочых у СМІ, таму нярэдка пра гэта становіцца вядома праз некаторы час пасля падобных здарэнняў. Так, учора супрацоўнік Мсціслаўскага ДБУ распавёў пра забастоўку, якая прайшла на прадпрыемстве ў канцы сакавіка. У пачатку красавіка баставалі будаўнікі ў Віцебску. У абодвух выпадках прычынай пратэстаў сталі нізкія зарплаты.

Апошнія навіны