BE RU EN

Салдат трапіў пад следства за супраціў «дзядам»

  • 11.04.2013, 9:32

Малады салдат паўстаў супраць дзедаўшчыны і трапіў пад следства.

Да журналістаў «Еўрарадыё» звярнуўся Алег Бенеш - бацька салдата, які праходзіць тэрміновую службу. Яго сын Акім ударыў свайго саслужыўца. Узбуджаная крымінальная справа. Перад гэтым Акім Бенеш меў шматлікія канфлікты з «дзядамі» і вырашыў ім супрацьстаяць.

«Салдацкія хваляванні» адбыліся ў частцы 30151 неўзабаве пасля «плюшавага дэсанта». Хоць, у прынцыпе, у такі час дысцыпліна павінна была быць жалезнай.

«У нас у сям'і заведзена па традыцыі служыць у войску, - распавядае Алег Бенеш, бацька салдата. - Акім рыхтаваўся да войска - бегаў кросы, займаўся боксам, барацьбой. Рыхтаваўся стаць добрым салдатам. Спачатку, падчас курсу маладога байца, усё было нармальна. потым, па словах сына, пачалося, як у кіно: начныя пад'ёмы, адцісканні, «кандагарские масты». Праз пяць месяцаў службы я зразумеў, што сітуацыя абвастраецца: бачыў, што ў сына разбітыя вусны, яго маці заўважыла аднойчы, што пабітая галава. Акім пачаў гаварыць пра сітуацыю толькі праз пяць месяцаў службы. Аказалася, што ў вайсковай частцы былі два прызывы. У старэйшым - пляменнік высокапастаўленага афіцэра, ён і задаваў тон службе. Усім рулілі салдаты. Спачатку патрабавалі дзяліцца кавай, цыгарэтамі, цукеркамі. Затым пачаліся начныя пад'ёмы. І мой сын спачатку паддаваўся і не ведаў, як дзейнічаць. А ў адзін дзень вырашыў супрацьстаяць і адмовіўся выконваць каманды сяржантаў. Ён хлопец з гонарам: паэт і спартсмен».

Вайна з «дзядамі», па словах Алега Бенеша, скончылася крымінальнай справай, якая было распачатая ў дачыненні да... яго сына.

«Некаторыя салдаты малодшага прызыву пачалі аб'ядноўвацца з Акімам. Гэта адбылося сапраўды ў кастрычніку мінулага года. Іх збіваюць - яны супрацівяцца, - працягвае бацька салдата. - Біліся кожны дзень. Аднойчы ў майго сына забралі гадзіннік. Ён нічога не заяўляў, але праз некаторы час падышоў да аднаго з крыўднікаў і запатрабаваў вярнуць рэч. У выніку яны пабіліся. Падчас бойкі мой сын пасадзіў апаненту фінгал. У выніку маёр, які адказваў за выхаваўчую працу, паабяцаў: калі будзеш даваць «патрэбныя» паказанні, то атрымаеш толькі пракурорскае папярэджанне і нядоўга пасядзіш на гаўптвахце. Але нечакана распачалі крымінальную справу. Пасля гэтага Акім казаў праўду і распавядаў пра тое, што на самой справе адбывалася ў частцы 30151. Яго пачалі цкаваць. Напрыклад, Акіма выводзілі на пляц перад усімі і пракліналі. Салдаты баяліся з ім гаварыць. Было такое ўражанне, што сына хацелі давесці да самагубства або падштурхнуць да дэзертырства».

Цяпер Акіму Бенешу інкрымінуецца артыкул 443 частка 1 Крымінальнага кодэкса («Парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж вайскоўцамі, якія не з'яўляюцца падначаленымі»).

«Расследаванне па гэтай справе завершанае, - паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. - Матэрыялы накіраваныя ў суд. СК у цяперашні час крымінальнага працэсу не мае права каментаваць гэтую справу. Пытанні вы павінны задаваць суду».

Справа Акіма Бенеша будзе разгледжаная Менскім міжгарнізонным ваенным судом.

Апошнія навіны