BE RU EN

Ахвярай новага закона «Аб дзяржзакупках» сталі беспрацоўныя

  • 10.04.2013, 18:46

Новы закон «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)» заблакаваў магчымасць падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі беспрацоўных у цэнтрах занятасці ўсёй краіны.

З 1 студзеня 2013 года, даты ўваходу закона ў дзеянне, групы беспрацоўных не могуць атрымаць новыя прафесіі або прайсці перападрыхтоўку.

Прычынай гэтага з'яўляецца тое, што не распрацаваныя метадычныя ўказанні, як рэалізаваць гэты закон на практыцы, а паводле старых правіл праводзіць навучанне беспрацоўных забароненае, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

Паводле новага закона выбар навучальных устаноў цэнтрамі занятасці насельніцтва для падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі беспрацоўных павінен праводзіцца на тэндэрнай падставе на электронным аўкцыёне.

У сувязі з гэтым немагчыма падрыхтаваць і перападрыхтаваць запатрабаваныя на рынку працы краіны рабочыя кадры наступных прафесій - муляраў, мяляроў, тынкоўнікаў, абніцоўнікаў, электрагазазварнікаў, электрамантажнікаў, кіроўцаў, машыністаў кранаў, кіроўцаў тралейбусаў, кухараў, аператараў ПЭВМ, дрывасекаў, стропальнікаў, цырульнікаў і г.д.

Бабруйскі цэнтр занятасці адным з першых падрыхтаваў дакументы на ўдзел у тэндэры праз электронны аўкцыён, аднак нічога з гэтага не выйшла - тэндэрную заяўку адхілілі і з навучальным працэсам не расчаліся.

Магілёвец Васіль Ліпскі ды шмат якія іншыя гараджане сталі шматлікімі ахвярамі «народных абраннікаў». У цэнтрах занятасці яны не могуць атрымаць новыя прафесіі.

У сувязі з гэтым Васіль Ліпскі накіраваў скаргу ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, у якой ён патрабуе забяспечыць рэалізацыю ягоных канстытуцыйных правоў згодна з артыкулам 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на навучанне новай спецыяльнасці ў адпаведнасці з законам.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што гэтая сітуацыя сведчыць аб нізкім прафесійным узроўні прызначаных дэпутатаў.

«Так званыя «дэпутаты» парламэнта не ў змозе ацаніць усю глыбіню праблем, звязаных з прыняццем гэтага закона. У выніку пакутуюць і беспрацоўныя людзі, якія не могуць працаўладкавацца, і дзяржава, якая недаатрымлівае патрэбных спецыялістаў», - кажа Барыс Бухель.

Варта адзначыць, што адным з адказных за распрацоўку гэтага недапрацаванага закона з'яўляецца былы пракурор Магілёўшчыны Эдуард Сянкевіч, які ў «парламэнце» з'яўляецца намеснікам старшыні Сталай камісіі ў заканадаўстве.

Рабочы-будаўнік Аляксей Паўлоўскі, які быў апанэнтам Сянкевіча на мінулых «парламэнцкіх выбарах», таксама стаў ахвярай гэтага закона.

Падчас тэледэбатаў Эдуард Сянкевіч абвінаваціў Аляксея Паўлоўскага ў тым, што ён з'яўляецца беспрацоўным і сядзіць на карку выбаршчыкаў, і ў той жа час распрацаваны з удзелам былога галоўнага пракурора Магілёўшчыны закон перашкаджае Паўлоўскаму атрымаць патрэбную яму перападрыхтоўку.

Сам Паўлоўскі адзначае, што ў гэтай сітуацыі на карку выбаршчыкаў сядзяць прызначаныя «дэпутаты», якія прымаюць законы на шкоду грамадзянам.

Апошнія навіны