BE RU EN

Польшча падоўжыла расследаванне Смаленскай катастрофы

  • 10.04.2013, 16:02

Напярэдадні гадавіны аварыі прэзідэнцкага Ту-154 пад Смаленскам ваенная пракуратура Польшчы заявіла, што спатрэбіцца яшчэ паўгода, каб вывучыць абставіны катастрофы.

Расследаванне падоўжана да 10 кастрычніка, перадае РІА «Новости».

Следчыя кажуць, што калі б Масква пагадзілася перадаць Варшаве абломкі самалёта, гэта б істотна дапамагло справе. Аднак Крэмль заяўляе, што абломкі - гэта рэчавыя доказы, і вывозіць іх за межы Расеі забаронена.

Масква ўжо высветліла для сябе прычыны трагедыі. У дакладзе Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта адзначаецца, што прычынай падзення сталі памылкі польскага экіпажа.

Нагадаем, 10 красавіка 2010 года самалёт Ту-154 з польскай дэлегацыяй разбіўся пад Смаленскам.

У катастрофе загінулі 96 чалавек, у тым ліку - прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі з жонкай. Разам з імі ахвярамі катастрофы сталі таксама міністры, парламентарыі, кіраўнікі цэнтральных дзяржаўных устаноў, камандуючыя ўсіх відаў узброеных сілаў, і іншыя афіцыйныя асобы. Яны накіроўваліся ў Катынь, дзе павінны былі прайсці жалобныя мерапрыемствы ў памяць пра забітых там падчас Другой сусветнай вайны польскіх афіцэраў.

Апошнія навіны