BE RU EN

КДБ вярнуў Лябедзьку канфіскаваныя грошы толькі праз паўтара года

  • 1.04.2013, 12:38

Камітэт дзяржбяспекі вярнуў лідэру Аб'яднанай грамадзянскай партыі 10 тысяч даляраў, канфіскаваных падчас ператрусу ў снежні 2010 года.

Пра гэта старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька паведаміў сайту charter97.org.

«Гэта не першакрасавіцкі жарт. Мне сапраўды вярнулі скрадзеныя ў мяне грошы ў суме каля 10 тысяч даляраў. Я лічу гэта сваёй маленькай перамогай. Дзейнічаючы падобным чынам, спецслужбы выйшлі за рамкі не толькі прававога поля, але і здаровага сэнсу», - адзначыў палітык.

Ён дадаў, што ў СІЗА КДБ працягваюць заставацца дзённікі і носьбіты інфармацыі.

«Такім чынам, я магу паставіць не кропку, а коску ў гэтай справе. Я і далей буду змагацца за свае дзённікі і носьбіты інфармацыі, скрадзеныя ў мяне супрацоўнікамі Камітэта дзяржбяспекі, падчас ператрусу маёй кватэры», - сказаў на заканчэнне Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, 28 снежня ў кватэры палітыка быў праведзены ператрус супрацоўнікамі спецслужбаў па справе «аб масавых беспарадках», у выніку чаго ў Анатоля Лябедзькі былі канфіскаваныя дакументы і грошы.

Рашэнне аб іх вяртанні было прынятае летам 2011 года, адразу пасля закрыцця крымінальнай справы ў дачыненні да лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Апошнія навіны