BE RU EN

Анатоль Лябедзька: Банк беларускага дыктатара ляснуў

  • 6.03.2013, 19:08

Абвяшчэнне жалобных акцый з нагоды скону Уга Чавэса звязанае выключна з асабістымі пакутамі і смуткам Лукашэнкі.

Такім чынам старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў charter97.org абвяшчэнне трохдзённай жалобы аб венесуэльскім дыктатару.

«Рэч у тым, што банк пад назвай «Уга», дзе знаходзіліся актывы беларускіх чыноўнікаў і Лукашэнкі асабіста, збанкрутаваў. Я маю на ўвазе фінансавыя праекты, звязаныя з пастаўкай зброі, і шмат чаго іншага. З гэтай прычыны ў Каракас накіравалі не толькі «спецыяліста выказвання спачуванняў» Уладзіміра Сямашку, але і «галоўнага касіра» Віктара Шэймана», - адзначыў палітык.

Ён падкрэсліў, што пры Угу Чавэсу беларуска-венесуэльскія стасункі былі стабільнымі і выгаднымі для Лукашэнкі, але цяпер іх будучыня знаходзіцца ў падвешаным стане.

«Страчаны не толькі важны стратэгічны хаўруснік, але і шмат якія праекты, што прыносілі велізарныя даходы. Адсюль гэткая рэакцыя. Гэта асабісты смутак дыктатара, а не ўсяго беларускага народа. Бо нават пасля выбуху ў Менскім метро жалоба была абвешчаная ўсяго толькі на адзін дзень», - сказаў на заканчэнне Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, Беларусь далучылася да жалобных акцый з нагоды скону Уга Чавэса.

На даручэнне Лукашэнкі з самай раніцы 6 сакавіка на тры дні над будынкамі рэзідэнцыі ды іншых дзяржустаноў ва ўсёй краіне прыспушчаныя дзяржаўныя сцягі. Усім тэле- і радыёканалам рэкамендавана выняць з эфіру забаўляльныя перадачы.

Апошнія навіны