BE RU EN

Камітэт ААН лічыць вывешванне беларускага сцяга парушэннем грамадскага парадку?

  • 5.03.2013, 19:45

Камітэт па правах чалавека ААН адмовіў віцебскаму сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку ў прызнанні фактаў парушэння яго грамадзянскіх і палітычных правоў.

Заяву ў КПЧ ААН Сяргей Каваленка напісаў пасля завяршэння працэсу ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебска, які прызнаў яго вінаватым у злосным хуліганстве і супраціве міліцыі за вывешванне 7 студзеня 2010 бел-чырвона-белага сцяга на гарадской елцы ў Віцебску, паведамляе ПЦ «Вясна».

С.Каваленка напісаў у звароце да КПЧ ААН, што суд адмовіў яму ў выкліку сведак. І што гэтым дзяржава парушыла яго правы, прадугледжаныя артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Аднак камітэт ААН вырашыў, што прадстаўленыя судовыя матэрыялы не даюць падстаў лічыць правы актывіста парушанымі падчас судовага разбору.

Сяргей Каваленка палічыў беларускую дзяржаву вінаватай і ў парушэнні артыкулаў 2, 19, 26 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Але і тут КПЧ ААН не пагадзіўся з яго аргументамі. У прыватнасці, прызнаўшы, што актывіст вывешваў сцяг на елцы, каб выказаць свае палітычныя перакананні, камітэт адзначае, што, згодна з нормамі пакта, свабода выказваць свае думкі можа мець абмежаванні, неабходныя для забеспячэння грамадскага парадку.

Нагадаем, сцяг на гарадской елцы ў Віцебск з'явіўся падчас масавага мерапрыемства, удзельнікамі і гледачамі якога ў пераважнай большасці былі дзеці школьнага ўзросту. За гэты ўчынак Кастрычніцкі райсуд прызнаў Сяргея Каваленку вінаватым у парушэнні артыкула 339 і 363 Крымінальнага кодэкса. Актывісту было прысуджана ўмоўнае пакаранне - хатняя «хімія», якая прадугледжвае пэўныя абмежаванні ў свабодзе перамяшчэння і пэўны распарадак дня. У далейшым, за парушэнні гэтых умоў Сяргей Каваленка быў асуджаны на пазбаўленне волі.

Апошнія навіны