BE RU EN

Магілёўцы патрабуюць вярнуць вуліцам гістарычныя назвы

  • 30.03.2013, 17:44

Жыхары горада мяркуюць, што працу тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме для вяртання вуліцам гістарычных назваў трэба актывізаваць.

Да такой высновы прыйшла большасць удзельнікаў ток-шоў у пытаннях гарадской тапанімікі, якое прайшло 29 сакавіка ў будынку магілёўскага «Тэхнапарка», паведамляе БелаПАН.

Запрошаныя ў якасці экспэртаў чальцы тапанімічнай камісіі - выкладчыкі Ігар Пушкін, Леанід Сугака і старшы навуковы супрацоўнік Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея Вольга Чарняўская - адзначалі, што камісія працуе вельмі павольна ў плане прапаноў вяртання вуліцам цэнтра места гістарычных назваў. Разам з тым, з іхных слоў, гарадскія чыноўнікі не ўважаюць гэтую працу за прыярытэтную і часта не прыслухоўваюцца да рэкамендацый камісіі, якая з'яўляецца дарадчым органам.

У той жа час вяртанне ў гарадскую тапаніміку назваў Пажарны завулак і вуліца Спаская, а таксама дубляванне назвы Ленінская гістарычнай назвай Вялікая Садовая трэба разглядаць як пачатак вялікай працы, якую варта актывізаваць, заявіла Чарняўская.

Выступаючы на ток-шоў, прадстаўнікі ветэранаў казалі пра тое, што цяперашнія назвы і помнікі - гэта гісторыя, з якой нельга вольна абыходзіцца. Прадстаўнікі маладзейшага пакалення сцвярджалі, што назвы вуліц гістарычнага цэнтра места, якія носяць імёны дзеячаў бальшавіцкага руху, з'яўляюцца не столькі выяўленнем гісторыі, колькі бальшавіцкай прапагандай.

У Магілёве ёсць некалькі помнікаў Леніну - чалавеку, які ніколі не быў у горадзе. У той жа час у месце няма помнікаў выдатным дзеячам беларускай гісторыі і культуры. Усё гэта выстаўляе культурную сталіцу Беларусі і СНД 2013 непрывабным постсавецкім горадам, які нібыта не мае багатай і самабытнай гісторыі, казалі прыхільнікі вяртання месту тапанімічнай унікальнасці.

Падагульняючы вынік ток-шоў, гісторык Аляксандр Агееў заявіў, што падчас дыскусіі адбылося збліжэнне пазіцый прадстаўнікоў розных поглядаў і пакаленняў, а большасць выступаў аб'ядноўвала жаданне паскорыць працу тапанімічнай камісіі для вяртання вуліцам цэнтра Магілёва гістарычных назваў.

Арганізатарам ток-шоў «Магілёўская тапаніміка: павольны прагрэс у рамках закона?» выступіла грамадска-культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі».

Апошнія навіны