Шпіталізаваны яшчэ адзін пацярпелы падчас выбуху ў Лынтупах
- 28.03.2013, 15:36
Усяго колькасць пацярпелых дасягнула шасці чалавек - пяцёра знаходзяцца ў шпіталі, адна жанчына загінула.
«Сёння яшчэ аднаго прывезлі. Ва ўсіх, хто паступіў, стабільны стан. Сёння прывезлі мужчыну, яго чымсьці ўдарыла падчас выбуху», - паведамілі «Еўрарадыё» ў Пастаўскім раённым шпіталі.
Нагадаем, што выбух на Лынтупскім спіртзаводзе адбыўся ў сераду 27 сакавіка. Згодна з афіцыйнымі звесткамі МНС, адбыўся «выбух парапаветранай сумесі». Смяротныя траўмы атрымала жанчына 1986 года нараджэння. Праз некалькі гадзін пасля дастаўкі ў шпіталь яна памерла. У цяперашні час у шпіталі знаходзяцца яшчэ чатыры чалавекі.
Тым часам на месцы здарэння працуе камісія па расследаванні. Узбуджаная крымінальная справа па факце парушэння правіл вытворча-тэхнічнай дысцыпліны на выбуханебяспечным прадпрыемстве.
Фота: МНС