Два тыдні пасля «Хавера»: вёскі застаюцца ў снежным палоне
- 28.03.2013, 15:17
Да гэтага часу некаторыя вёскі не расчышчаныя ад снегу, асабліва ў Менскім раёне.
Пра гэта заявіў старшыня Менаблвыканкама Барыс Батура, перадае БелТА.
«Пасля 15 сакавіка прайшло ўжо два тыдні, а да гэтага часу некаторыя вёскі не расчышчаныя ад снегу, асабліва ў Менскім раёне. Гэта проста недапушчальна. Павінен быць графік работ і іх максімальна хуткае выкананне», - падкрэсліў Барыс Батура.
Ён таксама даручыў павысіць ступень гатоўнасці адказных службаў да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях.
«Мы не навучыліся дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях і максімальна іх папярэджваць. Няма дакладнага плана дзеянняў да, падчас і пасля стыхіі, надзвычайных сітуацый», - лічыць Барыс Батура.
Старшыня Менаблвыканкама таксама адзначыў, што снежны шторм, які бушаваў 15 сакавіка, праверыў ступень гатоўнасці ўсіх адказных службаў, улады і абывацеляў.
«Сіноптыкі загадзя папярэдзілі пра прыход цыклона, толькі зацікаўленыя службы, МНС не спрацавалі на папярэджанне. Людзі не разумелі, што гаворка ідзе пра прыродны катаклізм. Насельніцтва апынулася не гатова псіхалагічна, а мы - арганізацыйна, - сказаў ён. - Неабходна было шматкроць інфармаваць людзей, магчыма, варта было разгледзець пытанне аб скарочаным працоўным дні і адмене заняткаў у школах. У любым выпадку, трэба было адмяніць усе мерапрыемствы, а мы гэтага не зрабілі».
Кіраўнік сталічнай вобласці ў якасці прыкладу прывёў Францыю, дзе падчас аналагічных катаклізмаў былі адмененыя заняткі ў школах і ліцэях, пры гэтым установы заставаліся адкрытымі для аказання дапамогі насельніцтву. Гэтак жа паступілі ў Германіі, Велікабрытаніі, Бельгіі.
Фота: РІА «Новости»