BE RU EN

Эстонія патрабуе ад Расеі выбачэнняў за сталінскія рэпрэсіі

  • 26.03.2013, 10:19

Прэзідэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвес заявіў, што Расея павінна прынесці прабачэнні яго краіне за дэпартацыі эстонскага насельніцтва ў Сібір.

«Сёння 64 гады назад НКВД выцягнуў з сваіх дамоў больш за 20 000 эстонцаў і дэпартаваў іх у вагонах для жывёл у Сібір. Ніхто не прынёс прабачэнняў», - напісаў прэзідэнт у сваім акаўнце ў «Твітэры». Тоомас Хендрык Ільвес адзначыў, што чакае выбачэнняў менавіта ад Расеі, таму што яна з'яўляецца правапераемніцай СССР.

У ходзе аперацыі, якая пачалася 25 сакавіка 1949 года, больш за 20 000 чалавек - амаль 3 адсоткі ад насельніцтва Эстоніі ў 1945 годзе - на працягу некалькіх дзён былі арыштаваныя і высланыя ў аддаленыя раёны Сібіры. Дэпартацыі патрабавала Камуністычная партыя, каб завяршыць калектывізацыю і «знішчыць кулакоў як клас». Амаль адной трэці абвешчаных «кулакамі» атрымалася сысці ад захопнікаў. Па словах сакратара партыі Мікалая Каратама (Nikolai Karotamm), астатнія сем'і былі «схопленыя», каб «выканаць план». Большасць з дэпартаваных ў 1949 годзе складалі жанчыны (49,4%) і дзеці (29,8%). Самаму малодшаму дэпартаванаму было менш года; старэйшаму было 95 гадоў.

У Эстоніі дэпартацыі разглядаюцца як злачынствы супраць чалавечнасці, якія не маюць тэрміну даўнасці.

Фото - peoples.ru

Апошнія навіны