BE RU EN

Міліцыя сарвала Дзень Волі ў Віцебску

  • 25.03.2013, 20:45

У Віцебску 25 сакавіка былі затрыманыя актывісты «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» і Партыі БНФ, якія збіраліся ўзяць удзел у святкаванні 95-й гадавіны БНР.

Як паведаміла каардынатар БХД Таццяна Севярынец, актывісты прыйшлі ў Парк чыгуначнікаў, дзе збіраліся правесці акцыі, прымеркаваныя да Дня Волі. Аднак у парку ў гэты момант праходзілі спаборніцтвы і лекцыя аб барацьбе з туберкулёзам. Адначасова актывісты даведаліся, што менавіта ў гэты момант у судзе Кастрычніцкага раёна праходзіць суд над актывістамі Партыі БНФ Кастусём Смолікавым і Леанідам Аўтуховым, якія былі затрыманыя ў пятніцу.

Наважыўшы падтрымаць зняволеных, актывісты накіраваліся да суду на самаходах і на грамадскім транспарце. Аднак, праехаўшы 300 метраў, аўтамабіль спынілі супрацоўнікі ДАІ. На кіроўцу Алеся Кузняцова склалі пратакол, абвінаваціўшы яго ў парушэнні ПДР.

Адначасова з гэтым сябра БХД Аляксей Кішчук даслаў паведамленне, што ён разам з іншымі актывістамі затрыманы на прыпынку грамадскага транспарту каля чыгуначнага вакзалу.

Учора ў Менску прайшла акцыя прысвечаная Дню Волі, якая скончылася затрыманнямі некаторых яе ўдзельнікаў, у тым ліку - грамадзян Украіны. Іх абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Сёння затрыманых, якія правялі ноч за кратамі, прысудзілі да арыштаў і штрафаў.

Апошнія навіны