BE RU EN

«Міліцэйскі хапун» у Талачыне

  • 23.03.2013, 11:12

23 сакавіка раніцай у Талачыне на аўтобусным прыпынку міліцыя затрымала актывіста кампаніі «Наш дом» Рамана Забелу.

Аперацыя «міліцэйскі хапун» пачалася ў горадзе Талачын на досвітку. Проста на прыпынку аўтобуса па дарозе на працу затрыманы і дастаўлены ў РАУС грамадскі актывіст Раман Забела. Затрыманне праводзіў адзін з лепшых спецыялістаў крымінальнага вышуку маёр міліцыі Карота. Падставы для затрымання стандартныя - Забела нібыта падобны да чалавека, які падазраецца ва ўчыненні злачынства, паведамляе ПЦ «Вясна».

Актывіст Мікалай Петрушэнка пракаментаваў гэтую падзею:

Прычынай для такіх дзеянняў можа быць усё што заўгодна. Раман вядомы тым, што тры гады таму выйграў судовы працэс і адбіў атаку мясцовага РАУС за нібыта ўчыненае правапарушэнне. На яго быў складзены пратакол за незаконнае размахванне сцягам у парку. У судзе справа рассыпалася... Не выключана, што затрыманне з'яўляецца прэвентыўным напярэдадні святкавання 95-годдзя БНР з мэтай не дапусціць яго да ўдзелу ў афіцыйна дазволенай масавай акцыі ў Менску.

Нагадаем, у Менску мітынг і шэсце з нагоды Дня волі дазволены Мінгарвыканкамам. Збор удзельнікаў абвешчаны на 24 сакавіка а 12.00 каля кінатэатра «Кастрычнік». Плануецца, што шэсце пройдзе вуліцай Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе з 14 да 15 гадзін адбудзецца мітынг.

Апошнія навіны