BE RU EN

Берасцейскіх апазіцыянераў аштрафавалі за сцяг

  • 22.03.2013, 22:41

Суд Маскоўскага раёна Берасця аштрафаваў чальцоў аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўгена Хазіяхметава і Андрэя Шарэнду.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, суд прызнаў іх вінаватымі паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП (удзел у правядзенні несанкцыянаванай акцыі). Шарэнда прысуджаны да штрафу ў 25 базавых адзінак (2,5 млн. рублёў), Хазіяхметаў - 10 (1 млн.), піша БелаПАН.

Актывісты былі затрыманыя міліцыяй 18 сакавіка на вуліцы Маскоўскай побач з паркам Ваяроў-інтэрнацыяналістаў, дзе ў гэты дзень быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг на ўстаноўленым на пастаменце бронетранспарцёры. Яны былі дастаўленыя ў Маскоўскі РАУС Берасця. Акрамя Андрэя Шарэнды і Яўгена Хазіяхметава міліцыя затрымала непаўналетняга Уладзіслава Бароўскага.

У міліцыі ва ўсіх траіх узялі тлумачэнні. Бароўскаму, які не адмаўляў, што вывешваў бел-чырвона-белы сцяг на бронетранспарцёры, а таксама Хазіяхметаву, які заявіў, што не ўдзельнічаў у акцыі, а толькі яе фатаграфаваў, уручылі позвы з'явіцца 20 сакавіка ў Маскоўскі РАУС. Шарэнда паведаміў міліцыі, што ён проста гуляў у гэтым раёне горада.

Праз некалькі гадзін затрыманых адпусцілі з аддзела ўнутраных спраў без складання пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні.

20 сакавіка ў Маскоўскім РАУС у дачыненні да Бароўскага і Хазіяхметава былі складзеныя пратаколы паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП. Пратакол у дачыненні да Шарэнды быў складзены без яго ўдзелу, і справа ў судзе была разгледжаная ў яго адсутнасць.

Пратакол на 17-гадовага Бароўскага будзе разглядаць камісія ў справах непаўналетніх адміністрацыі Маскоўскага раёна Берасця, меркаваная дата 28 сакавіка.

Апошнія навіны