BE RU EN

На Беларусь ідзе яшчэ адзін снежны шторм

  • 18.03.2013, 10:20

Сіноптыкі папярэджваюць: на тэрыторыю Беларусі зноў прыйдуць моцныя снегапады, на гэты раз - з поўдня Еўропы.

«25-26 сакавіка варта чакаць нешта падобнае на цыклон «Хавер». Вельмі моцны снег чакаецца ў гэтыя дні ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» у панядзелак намеснік дырэктара Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Анатоль Палішчук.

«Чакаецца, што 25-26 сакавіка паўднёвы цыклон з цэнтрам над Кіевам прынясе моцныя снегапады ў Гомельскую і Брэсцкую вобласці», - распавёў А.Палішчук.

Паводле яго слоў, такія ўмовы надвор'я сіноптыкі кваліфікуюць як небяспечныя з'явы, напярэдадні праходжання цыклона ва ўсе службы будзе адпраўленая адпаведная інфармацыя.

Суразмоўца агенцтва адзначыў, што пасля «Хавера» ў Менску снежнае покрыва складае 56 см. «Гэта не з'яўляецца рэкордам - у 1996 годзе ў першай дэкадзе сакавіка вышыня снегу складала 60 см», - удакладніў А.Палішчук.

Апошнія навіны