BE RU EN

Сям'я загінулага дзіцяці патрабуе кампенсацыі ад кіроўцы «Паршэ Кайена»

  • 13.03.2013, 17:33

Тры грамадзянскіх пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды накіравала сям'я загінулага пад коламі «Паршэ-Кайена» менскага школьніка.

«Маці загінулага хлопчыка, бабуля і дзядуля, якія з'яўляюцца пацярпелымі па гэтай справе, накіравалі грамадзянскія пазовы ў суд аб кампенсацыі маральнай шкоды», - паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» адвакат Менскай абласной калегіі адвакатаў Ксенія Кабаса, якая прадстаўляе інтарэсы пацярпелага боку.

Яна адмовілася назваць сумы заяўленых грамадзянскіх пазоваў. «Што тычыцца сум пазоваў - пакуль мае давернікі не ўпаўнаважвалі мяне паведамляць гэта. Ёсць тры пазовы, па ліку пацярпелых», - сказала адвакат, дадаўшы, што «дзядулі (загінулага хлопчыка) наогул маральная шкода не была кампенсаваная».

Закранаючы пытанне аб тым, да каго прад'яўленыя пазовы, адвакат паведаміла: «Там складаная юрыдычная канструкцыя. Магчыма, будзе мяняцца склад адказнікаў. Пакуль пададзеныя першапачатковыя пазовы». «Па юрыдычнай канструкцыі, павінен адказваць уладальнік крыніцы павышанай небяспекі (аўтамабіля «Паршэ-Каен»), але гэта ўнітарнае прадпрыемства, маёмасць УП знаходзіцца ва ўласнасці фізічнай асобы. Пазовы будуць максімальна да ўсіх - і да кіроўцы, і да ўласніка аўтамабіля, а потым ужо будзе вызначацца ў працэсе, хто будзе асноўным адказчыкам», - распавяла К.Кабаса.

Яна паведаміла, што «грамадзянскія пазовы пададзеныя ў суд Фрунзенскага раёна Менска». Паводле яе слоў, «дакладная дата разгляду пазоваў не зразумелая, папярэдне - на канец сакавіка». «Але пакуль яшчэ няма даты разгляду касацыйнай скаргі на прысуд кіроўцу. Прысуд павінен уступіць у законную сілу», - адзначыла адвакат.

Нагадаем, 15 лютага суд Фрунзенскага раёна Менска прысудзіў кіроўцу «Паршэ-Кайена» Андрэя Забабуру, які збіў менскага трэцякласніка, да 4-х гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі-пасяленні. У ходзе судовых слуханняў была абвешчаная інфармацыя пра тое, што А.Забабура выплаціў сям'і загінулага школьніка Br200 млн.

Маці, бабуля і дзядуля загінулага хлопчыка па гэтай справе праходзяць у якасці пацярпелых. Свае патрабаванні адносна меры пакарання абвінавачванаму і кампенсацыі ім маральнай шкоды яны падчас суда не заяўлялі.

Рэзананснае ДТЗ адбылося 13 лістапада 2012 года каля 19 гадзін на тэрыторыі агульнаадукацыйнай школы N23 па вул. Панчанкі ў Менску.

Апошнія навіны