BE RU EN

На пахаванні Вайніцкага журналістам пагражалі расправай

  • 10.03.2013, 10:34

Невядомыя пагражалі фізічнай расправай журналістам беларускіх незалежных СМІ.

Пахаванне Рамана Вайніцкага прайшло 9 сакавіка, паведамляе «Радыё Свабода». Ушанаваць ягоную памяць прыехалі беларусы з усёй Літвы. На цырымоніі сабралася пад сотню чалавек - грамадскіх дзеячаў, палітыкаў, афіцыйных асоб. Прысутнічалі таксама беларускія дыпламаты разам з паслом нашай краіны ў Літве Уладзімірам Дражыным.

Рамана Вайніцкага ў Вільні згадвалі як дзеяча, які імкнуўся аб'яднаць і прымірыць беларусаў Літвы незалежна ад іх палітычных поглядаў, як добрага і ветлівага да ўсіх чалавека. «Нас шмат, але Беларусь у нас адна, так што нам няма чаго дзяліць», - успаміналі ягоныя словы прысутныя на пахаванні.

Журналісты беларускіх незалежных СМІ, акрэдытаваныя для працы ў Літве Міністэрствам замежных спраў краіны, былі на пахаванні, аднак, фактычна, не здолелі зрабіць відэа-і фотаздымкі.

Выконваць сваю працу ў грамадскім месцы ім не далі невядомыя расейскамоўныя мужчыны, якія абражалі журналістаў «Радыё Свабода» і тэлеканала «Белсат» з ужываннем нецэнзурных слоў і пагражалі ім фізічнай расправай. У прыватнасці, яны заяўлялі, што «ў іншай краіне з такімі журналістамі яшчэ не так распраўляюцца» і там яны «атрымліваюць ад каго трэба, як след».

Невядомыя не прадставіліся, але убачыўшы дакументы аб акрэдытацыі журналістаў у Літве, заявілі, што кажуць нібыта ад імя сям'і. Раней старэйшы сын Рамана Вайніцкага прасіў не здымаць толькі ў зале, не патлумачыўшы прычын, але быў не супраць здымкаў на вуліцы і ў фае пахавальнага бюро. Сын загінулага сказаў, што не мае нічога супраць журналістаў, якія працуюць для беларускіх незалежных СМІ ў Літве. Пазней невядомыя выклікалі яго і прымусілі пры іх заявіць, што сям'я забараняе ўсе фота-і відэаздымкі падчас пахавання.

Як толькі адзін з журналістаў патэлефанаваў у паліцыю, і невядомыя пачулі, што паліцыя зараз прыедзе, яны ўцяклі.

Віленскі камісарыят паліцыі зафіксаваў скаргу журналістаў Таццяны Поклад і Здзіслава Вайцяхоўскага. Да заявы аб перашкодах і пагрозах журналістам незалежных беларускіх СМІ, акрэдытаваных у Літве, будуць дададзеныя аўдыё-і відэазапісы пагроз.

Апошнія навіны