BE RU EN

Януковіч прапанаваў за грошы змякчыць прысуд Цімашэнцы

  • 1.03.2013, 18:29

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч назваў умовы для змякчэння прысуду былой кіраўніцы ўрада Юліі Цімашэнцы.

Выступаючы на прэс-канферэнцыі ў Кіеве 1 сакавіка, ён заявіў, што новы Крымінальна-працэсуальны кодэкс дазваляе «гуманнае» пакаранне паводле эканамічных артыкулаў. Але толькі ў тым выпадку, калі асуджаны сплаціць шкоду, якую ён прычыніў дзяржаве.

«Вось пра гэта ёй (Цімашэнцы) трэба думаць», - падкрэсліў прэзідэнт.

Экс-прэм'ерка, нагадаем, была асуджаная на сем гадоў турмы паводле абвінавачвання ў злоўжыванні паўнамоцтвамі пры ўкладанні газавых кантрактаў з Расеяй. Суд таксама абавязаў яе кампенсаваць «Нафтагазу Украіны» 1,5 мільярды грыўняў (190 мільёнаў даляраў), піша Lenta.ru.

Каментуючы прысуд, вынесены яшчэ ў 2011 годзе, Януковіч заявіў, што Цімашэнка «пакутуе за зробленае». Са слоў прэзідэнта, яна падпісала дырэктывы аб газавай дамове з РФ, якія ўрад прымаць адмовіўся, фактычна падрабіўшы гэты дакумэнт.

«Кантракт, які быў у 2009 годзе падпісаны Цімашэнкай, штогод прыносіць прыкладна шэсць мільярдаў даляраў страт краіне, і я адказваю за гэта... Гэтыя сродкі маглі б пайсці на развіццё, на заробкі і пэнсіі. Але сёння яны ідуць паводле кантракту Расеі. Я не ведаю, якія Расея знайшла спосабы, каб пераканаць падпісаць гэты кантракт», - панаракаў Януковіч. Нагадаем, што ўласна газавае пагадненне Цімашэнка, будучы прэм'ерам, не падпісвала. Умова была ўкладзеная паміж «Газпромам» і «Нафтагазам».

Варта адзначыць таксама, што цяпер у дачыненні да экс-прэм'еркі расследуюцца яшчэ некалькі спраў. Яе, у прыватнасці, абвінавачваюць у датычнасці да забойства дэпутата Яўгена Шчэрбаня ў 1996 годзе. Цяпер у Пячэрскім раённым судзе Кіева праходзіць допыт сведак у гэтай справе.

Паводле звестак СМІ, Цімашэнку бліжэйшым часам могуць этапаваць з харкаўскага клінічнага шпіталю ў Кіеў для ўдзелу ў паседжаннях. На працягу апошніх дзевяці месяцаў экс-прэм'ерка знаходзіцца ў гэтай медыцынскай установе ў сувязі з захворваннем хрыбетніка.

Апошнія навіны