BE RU EN

Жыхароў Мазыра будуць судзіць за дапамогу самотнаму ветэрану

  • 5.02.2013, 19:35

Міліцыянты затрымалі жыхароў Мазыра за тое, што яны наважылі дапамагчы ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, які жыве ў Нараўлянскім раёне.

Аб здарэнні сайту charter97.org распавялі чытачы.

Адам Рагавец добра вядомы ў Мазыры. Ён часта грае на гармоніку ў цэнтры горада, ля ўваходу на рынак. Яму пад 90 гадоў, прайшоў Айчынную вайну, жыве адзін у пасёлку Белы Бераг Нараўлянскага раёна, што знаходзіцца недалёка ад места. Ніякіх выгод цывілізацыі ў доме няма. Нават электрычнасці - яе вымкнулі паводле пастановы мясцовых улад. Іншых жыхароў у вёсцы таксама няма.

Жыхары Мазыра, ведаючы аб цяжкай сітуацыі, наважылі дапамагчы Адаму Рагаўцу. 27 студзеня мазырцы наведалі яго ды прывезлі прадукты і абутак.

Таксама яны паабяцалі заехаць да Адама Рагаўца яшчэ раз і прывезці астатнія патрэбныя ў гаспадарцы рэчы, а таксама ўцяпліць дом і нарыхтаваць дровы. Для таго, каб сабраць усё патрэбнае, яны стварылі форум на гарадскім сайце. На заклік аб дапамозе адгукнуліся іншыя жыхары Мазыра. Адама Рагаўца наважылі наведаць 3 лютага.

Але прыехаўшы ў закінутую вёску, валанцёры ўбачылі там міліцэйскі «ўазік». У дома ветэрана гасцей сустрэлі супрацоўнікі міліцыі. Угледзеўшы ў хлопцах, якія прыехалі першымі, небяспечных правапарушальнікаў, супрацоўнікі міліцыі забралі дваіх з іх у Нараўлянскі РАУС. Там на затрыманых склалі пратаколы паводле 2 часткі артыкула 16/03 КоАП Беларусі «Парушэнне патрабаванняў рэжыму радыяцыйнай бяспекі ў мясцовасцях, якія падпалі пад радыеактыўнае забруджванне».

Чытачы форуму, створанага для таго, каб дапамагчы Адаму Рагаўцу, ўпэўненыя, што пратакол - не больш, чым фармальнасць, а валанцёраў затрымалі праз тое, што яны нагадваюць уладам аб сацыяльных праблемах і руйнуюць міф аб клопаце аб ветэранах.

Суд над маладымі людзьмі, адзіным злачынствам якіх было жаданне дапамагчы самотнаму ветэрану вайны, забытага мясцовымі ўладамі, пройдзе ў Мазыры бліжэйшымі днямі.

Апошнія навіны