BE RU EN

«Еўрапол» выявіў сотні дамоўных футбольных матчаў

  • 5.02.2013, 13:37

Злачынная групоўка з Сінгапура арганізавала сотні дамоўных футбольных матчаў па ўсім свеце.

Гэта заява Еўрапола, зробленая ў панядзелак, нанесла сур'ёзны ўдар па самай папулярнай гульні ў свеце і шматмільярднай індустрыі, паведамляе «Голас Амерыкі».

Каля 680 падазроных матчаў патрапілі ў поле зроку праваахоўных органаў еўрапейскіх краін, Еўрапола (паліцыі Еўразвяза) і нацыянальных пракуратур. Сярод іх былі гульні адборачных турніраў чэмпіянатаў свету і Еўропы, а таксама матчы Лігі чэмпіёнаў з удзелам вядучых еўрапейскіх клубаў.

«Гэта сумны дзень для еўрапейскага футбола, - заявіў дырэктар Еўрапола Роб Уэйнрайт. - Гэта пытанне сумленнасці футбольных спаборніцтваў. Адказныя за арганізацыю такіх матчаў павінны вынесці з гэтага ўрок».

Футбол - самы папулярны від спорту ў свеце. У яго гуляюць на ўсіх кантынентах. Чэмпіянаты свету і гульні еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў прыцягваюць сусветную ўвагу і з'яўляюцца крыніцамі шматмільярдных даходаў для нацыянальных асацыяцый, клубаў і вяшчальнікаў.

Следчыя паведамлялі, што падазроныя матчы праходзілі ў перыяд паміж 2008 і 2011 гадамі. Некаторыя з іх ужо станавіліся прадметам паспяховых крымінальных расследаванняў. Каля 380 падазроных матчаў мелі месца ў Еўропе, яшчэ каля 300 - у Афрыцы, Азіі і Лацінскай Амерыцы.

Апошнія навіны