BE RU EN

Неўязны Макей помсціць за санкцыі

  • 4.02.2013, 13:53

Міністэрства замежных спраў Беларусі, астатняй дыктатуры Еўропы, падрыхтавала даклад «аб парушэнні правоў чалавека ў асобных краінах свету ў 2012 годзе».

«Мэта дакладу - надаць увагу парушэнням правоў чалавека ў краінах, якія традыцыйна ўважаюць сябе за «развітыя дэмакратыі», прадэманстраваць на канкрэтных фактах невыкананне імі сваіх міжнародных прававых абавязкаў. І, што не менш важна, згадаць аб ахвярах, якія, як правіла, замоўчваюцца і краінамі-парушальнікамі, і міжнароднымі арганізацыямі, якія спецыялізуюцца ў сферы правоў чалавека», - гаворыцца ва ўступным слове да дакладу міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

Кіраўнік МЗС заявіў, што «правы чалавека, якія першапачаткова з'яўляліся сферай стасункаў паміж грамадствам і дзяржавай і былі толькі элементам унутранай палітыкі, у сучасным свеце сталі адыгрываць ролю інструмента палітыкі замежнай». «Усё часцей стасункі паміж дзяржавамі ў сферы правоў чалавека фармуюцца не паводле прынцыпу роўнасці партнёраў, якія маюць розныя шляхі развіцця, але адзіную канчатковую мэту - дабрабыт сваіх грамадзян, - а на аснове дыктату, ціску і навязвання толькі сваіх, «адзіна правільных» поглядаў», - адзначыў Макей.

Кіраўнік замежнапалітычнага міністэрства заявіў, што «ігнараванне праблем прыводзіць да беспакаранасці, і, як паказвае даклад, пагаршэння становішча з правамі чалавека». «Гэтым пацвярджаецца той факт, што ў сферы правоў чалавека няма і не можа быць ні элітаў, ні басякоў, ні ментараў, ні вучняў», - сказаў Макей.

Як заяўляюць у беларускім МЗС, даклад падрыхтаваны на падставе інфармацыі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў, СМІ, ды «іншых вартых даверу адкрытых крыніц».

У дакладзе прыводзяцца факты «парушэння правоў чалавека» ў 23 еўрапейскіх краінах, у тым ліку Польшчы, Аўстрыі, Літве, Латвіі, Эстоніі, Нямеччыне, Францыі, Вялікабрытаніі, а таксама ў ЗША і Канадзе.

Нагадаем, што кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей з'яўляецца неўязным у краіны ЕЗ і ЗША за ўдзел у рэпрэсіях супраць апазіцыі.

Апошнія навіны