BE RU EN

За здачу кватэры адбяруць льготны крэдыт

  • 27.02.2013, 15:17

Льготнікаў, якія здаюць свае новыя кватэры, могуць прымусіць вярнуць крэдыт.

Урад Беларусі прапрацоўвае механізмы кантролю за мэтавым выкарыстаннем грамадзянамі жылля, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай, заявіў віцэ-прэм'ер рэспублікі Анатоль Калінін у сераду на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша «Інтэрфакс».

«Шукаем варыянт, як жа зрабіць так, каб гэта жыллё выкарыстоўвалася грамадзянамі па прызначэнні. Таму што калі грамадзянін пабудаваў жыллё з дзяржпадтрымкай, а потым здае яго ў арэнду, ён павінен ці плаціць падаткі, ці вярнуць гэты льготны крэдыт», - сказаў Калінін.

Ён адзначыў, што ва ўмовах, калі ў Беларусі не было дзяржаўнага арэнднага жылля, сфармаваўся рынак арэнднага другаснага жылля, аператарамі якога на сённяшні дзень з'яўляюцца прыватныя камерцыйныя арганізацыі. Калінін прызнаў, што гэты рынак разбалансаваны і шмат у чым хаатычны. У той жа час ён канстатаваў, што дзяржава пакуль не мае механізмаў яго рэгулявання.

Са свайго боку начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінбудархітэктуры Аляксандр Горваль заўважыў, што ў Беларусі рыхтуюцца змены і дапаўненні ў некаторыя ўказы Лукашэнкі, згодна з якімі жыллё, пабудаванае з дзяржпадтрымкай, нельга будзе здаваць у арэнду да завяршэння працэдуры пагашэння льготнага крэдыту.

Апошнія навіны