BE RU EN

«Палатачнік» трапіўся на «ліпавым» ордэне

  • 26.02.2013, 13:59

Старшыня пастаяннай камісіі «савета рэспублікі» Уладзімір Панцюхоў узнагароджаны ордэнам неіснуючай акадэміі.

Ордэн Пятра Вялікага II ступені «дэпутату» выдала агульнарасейская грамадская арганізацыя «Акадэмія праблем бяспекі, абароны і правапарадку» - тая ж самая, якая раней вырабіла ў прафесара кіраўніка справамі Лукашэнкі Віктара Шэймана.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай біяграфіі чыноўніка, размешчанай на сайце «савета рэспублікі».

Як вядома, «Акадэмія праблем бяспекі, абароны і правапарадку» Расейскай Федэрацыі (АБАП) была ліквідаваная 10 снежня 2008 года рашэннем Вярхоўнага Суда па заяве Генеральнага пракурора Расеі.

Сайт charter97.org паспрабаваў звязацца з Уладзімірам Панцюховым для таго, каб даведацца, чаму ў афіцыйнай біяграфіі палітыка паказаны факт яго ўзнагароджання ордэнам неіснуючай акадэміі. Аднак у аддзеле па забеспячэнню працы пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах «савета рэспублікі», старшынёй якой ён з'яўляецца, паведамілі што «дэпутата» на працоўным месцы сёння «няма і не будзе» і адмовіліся ад каментароў.

Нагадаем, расейская Генпракуратура высветліла, што «Акадэмія праблем бяспекі, абароны і правапарадку» незаконна прысвойвала спецыяльныя званні, якія супадаюць з воінскімі званнямі ў Расеі і выкарыстоўвала ўзоры форменнага абмундзіравання, аналагічныя ваеннай форме.

Супрацоўнікам акадэміі таксама выдавалі службовыя пасведчанні, якія маюць падабенства з пасведчаннямі дзяржузору, якія выкарыстоўваліся імі ў асабістых мэтах, што «стварала ўмовы для карупцыйных праяў і дыскрэдытавала дзяржаўную ўладу». Былі факты выкарыстання службовых пасведчанняў Акадэміі пры здзяйсненні злачынстваў, як правіла, ашуканскіх дзеянняў у асабліва буйных памерах, адзначана ў паведамленні.

Членам акадэміі прысвойвалі спецыяльныя званні - сапраўдны член акадэміі, член-карэспандэнт акадэміі, а таксама ганаровыя званні «Заслужаны дзеяч навукі АБАП» і «Заслужаны юрыст АБАП» з уручэннем адпаведных нагрудных знакаў і пасведчанняў.

Беларускае аддзяленне акадэміі ўзначальвае член «савета рэспублікі» Мікалай Чаргінец.

Гэта не адзіны выпадак, калі лукашэнкаўскія чыноўнікі прысвойваюць сабе «ліпавыя» званні і ўзнагароды. Як раней паведамляў сайт charter97.org, такімі схільнасцямі вызначыліся былы міністр юстыцыі Віктар Галаванаў і старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Камянкоў.

Апошнія навіны