BE RU EN

Расейскага неанацыста «Цесака» вызвалілі са следчага ізалятара

  • 24.02.2013, 19:14

Расейскі неанацыст Максім Марцінкевіч мянушкай «Цясак», затрыманы 10 дзён таму ў Менску, адпушчаны з менскага ІЧУ пад абавязацельства аб яўцы.

Пра гэта паведамілі ў СК Беларусі, піша «Інтэрфакс».

« Максім Марцінкевіч адпушчаны пад абавязацельства аб яўцы, ён выказаў сваімі паводзінамі ахвоту супрацоўнічаць са следствам», - паведамілі ў СК.

У СК таксама зняпраўдзілі інфармацыю аб тым, што М.Марцінкевіч ускрыў сабе вены ў ізалятары часовага ўтрымання.

«Ён жывы і здаровы», - сказалі ў Следчым камітэце.

Раней паведамлялася, што супрацоўнікі менскай міліцыі за бойку затрымалі расейскага экстрэміста М.Марцінкевіча.

Супраць М.Марцінкевіча ў Беларусі была заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 339 частка 3 (хуліганства, учыненае з ужываннем зброі). Паводле гэтага артыкула можа пагражаць да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Паводле звестак некаторых СМІ, М.Марцінкевіч быў затрыманы пасля бойкі з беларускімі антыфашыстамі. Паведамляецца таксама, што М.Марцінкевіч мае беларускія карані і рэгулярна прыязджае ў Беларусь.

М.Марцінкевіч вядомы сваімі расісцкімі выказваннямі. Уваходзіў у Народную нацыянальную партыю. Пасля стварыў у РФ аб'яднанне скінхэдаў «Фармат-18», якое было забароненае як экстрэмісцкае.

Тры з паловай гады правёў у расейскай турме за распальванне нянавісці з нацыянальнай ці рэлігійнай прыкмет.

Апошнія навіны