BE RU EN

Вечар памяці Арцёма Грыбкова

  • 22.02.2013, 21:39

22 лютага ў офісе партыі БНФ прайшоў вечар памяці былога палітвязня Арцёма Грыбкова.

Ён загінуў у снежні мінулага года ў аўтакатастрофе, нагадвае «Радыё Свабода».

Пачаўся вечар памяці з прагляду відэаінтэрв'ю Арцёма Грыбкова, якое ён даў у жніўні 2011 года, калі выйшаў на волю з магілёўскай калоніі.

Былы палітвязень Зміцер Дрозд сядзеў з ім у адной калоніі. Зміцер Дрозд прачытаў вершы Арцёма Грыбкова, якія ён упершыню пачуў ад яго за кратамі:

«Гэта было неверагодна - у тых варунках напісаць такія добрыя вершы. Кажуць, што яго турэмны сшытак згубіўся, але цяпер я прыкладаю намаганні, каб знайсці ягоныя творы ў іншых крыніцах, яны вартыя таго, каб іх чыталі людзі ».

Успамінамі пра Арцёма Грыбкова падзяліўся і Сяргей Казакоў, які таксама быў асуджаны за Плошчу і адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі.

Тыя, што прыйшлі на вечар памяці, сабралі грашовыя ахвяраванні для сям'і Арцёма Грыбкова. Ягоная ўдава Святлана Грыбкова праз некалькі месяцаў павінна нарадзіць ад яго сына.

Апошнія навіны