BE RU EN

Франак Вячорка: Войска патрэбна ўладам для «прамывання глуздоў»

  • 22.02.2013, 19:23

Карная псіхіятрыя - гэта спосаб ціску на маладых людзей, якія не згодныя з пазіцыяй лукашэнкаўскіх улад.

Такім чынам грамадзянскі актывіст і былы палітжаўнер Франак Вячорка пракаментаваў сайту charter97.org інфармацыю аб выпраўленні ў псіхіятрычныя лякарні навабранцаў, якія не хочуць служыць у беларускім войску.

«На сённяшні дзень папулярнасць войска ў нашай краіне мізэрная, нягледзячы на гучныя заявы генералаў, міністраў і чыноўнікаў. Паводле звестак сацапытанняў добраахвотна служыць хочуць толькі 10% маладых людзей. Астатнія выступаюць за прафесійнае войска», - адзначыў былы палітжаўнер.

Франак Вячорка падкрэсліў, што войска патрэбна ўладзе для прамывання глуздоў.

«Зыходзячы з свайго досведу, магу сказаць, што ў войска забіраюць абсалютна хворых людзей. Сярод іх эпілептыкі, хворыя на кілу, хранічныя гастрыты і язвы. Са здароўем гэтых хлопцаў у войску ніхто не важдаецца.

Беларускія ўлады наважылі адрадзіць традыцыі Савецкага Саюза і адпраўляць нязгодных у вар’ятню, нават калі яны абсалютна здаровыя. Бо войска можа зламаць далёка не кожнага, таму прасцей адправіць чалавека туды, дзе ягоная рэпутацыя будзе моцна сапсаваная», - сказаў на заканчэнне актывіст.

Нагадаем, інфармацыя пра тое, што навабранцаў, якія не хочуць служыць у беларускім войску, адпраўляюць у псіхіятрычныя лякарні, апублікавалі сёння беларускія блогеры.

Апошнія навіны