BE RU EN

Амбасада Расеі пратэстуе супраць арышту дырэктара «Беларусі»

  • 22.02.2013, 8:35

Дыпламаты лічаць, што падстаў для затрымання дырэктара сочынскага санаторыя «Беларусь» няма.

У сувязі з гэтым амбасада Расеі накіравала ноту ў МЗС Беларусі, паведамляе РІА «Новости».

«Амбасада прадпрымае прадугледжаныя ў такіх сітуацыях дзеянні. У прыватнасці, у МЗС Беларусі накіравана нота з просьбай аб прадастаўленні сустрэчы дыпламатаў з арыштаваным расейскім грамадзянінам», - распавёў афіцыйны прадстаўнік расейскай дыпмісіі Уладзімір Марчук.

Ён удакладніў, што пра затрыманні Георгія Саракашышы амбасадзе было паведамлена афіцыйна, і супрацоўнікі дыпмісіі ўжо правялі кантакты з гэтай нагоды з прадстаўнікамі беларускіх праваахоўных органаў.

Прадстаўнік амбасады адзначыў, што расейскі грамадзянін можа быць адпушчаны з-пад арышту. «Мяркуючы па ўсім, яму ставяць нейкія гаспадарчыя парушэнні. Такога роду абвінавачванні не падпадаюць пад катэгорыю цяжкіх. У прынцыпе, беларускі бок дастатковых падстаў для ўтрымання грамадзяніна Расеі пад вартай не мае», - дадаў ён.

Яшчэ некалькі тыдняў таму дырэктара санаторыя Георгія Саракашыша і двух яго намеснікаў выклікалі ў Менск нібыта падпісаць нейкія паперы, узгадніць планы на бягучы год. Яны паехалі і ў Сочы больш не вярнуліся. На днях з'явіўся новы кіраўнік санаторыя ў Сочы - Уладзімір Рыжанкоў. У чым абвінавачваецца былое кіраўніцтва санаторыя «Беларусь» невядома.

Апошнія навіны