BE RU EN

Мінабароны «крышуе» менскія СТА?

  • 22.02.2013, 8:13

СК узбуджаная крымінальная справа па факце вымагальніцтва буйнога хабару для службовых асоб Міністэрства абароны.

Чарговы карупцыйны скандал разгарэўся вакол складскіх памяшканняў Міністэрства абароны Беларусі, якія размешчаныя ў Масюкоўшчыне. Гэтыя памяшканні ўжо шмат гадоў арандуюцца кампаніямі, якія аказваюць паслугі аўтасэрвісу. Адной з такіх кампаній з'яўлялася ПСУП «Аўтарытэтсэрвіс», якая займаецца кузаўнымі працамі легкавых аўтамабіляў. Прычым, што дзіўна ў прывязцы да Міністэрства абароны, кампанія «Аўтарытэтсэрвіс» з'яўлялася асноўным арандатарам складскіх памяшканняў, карыстаючыся часткай з іх, а частке здаючы ў субарэнду, піша «Ежедневник».

Чаму Мінабароны само цалкам не здавала ўсе памяшканні, а дазваляла наварваць на субарэндзе прыватнай кампаніі, яшчэ трэба будзе разабрацца следству, як і ў тым, якія ўзаемаадносіны ва ўладальніка ПСУП «Аўтарытэтсэрвіс» былі з ваеннымі чыноўнікамі.

У лістападзе 2012 года бізнесмен прапанаваў дырэктару іншай СТА, які здымаў у яго памяшканні па дамове субарэнды, вырашыць пытанне з пралангацыяй дамовы. Пры гэтым кошт пытання быў пазначаны ў даволі круглую суму - 14 тысяч даляраў, якія нібыта трэба было перадаць добра знаёмым падазраванаму службовым асобам Мінабароны.

Дырэктару СТА не заставалася нічога іншага, як пагадзіцца плаціць, інакш яму давялося б з'язджаць і дэмантаваць дарагое абсталяванне. У лістападзе 2012 года ён перадаў бізнесмену для службовых асоб Мінабароны 1,5 тысячы даляраў, а ў студзені - яшчэ 12,5 тысяч даляраў.

Па дадзеным факце ў дачыненні да ўладальніка ПСУП «Аўтарытэтсэрвіс» узбуджаная крымінальная справа па ч.5 арт.16 і ч.2 арт.431 Крымінальнага кодэкса Беларусі (падбухторванне да дачы хабару).

Ва Упраўленні СК па Менску пацвердзілі факт узбуджэння крымінальнай справы, але пакуль устрымліваюцца ад каментароў па ёй і не тлумачаць, ці сапраўды да гэтай незаконнай здзелцы маюць дачынення службовыя асобы Мінабароны.

Расследаванне толькі пачалося і пакуль невядома, чым яно завершыцца.

Апошнія навіны