BE RU EN

За акцыю ў абарону беларускай мовы - 5 дзён арышту

  • 21.02.2013, 18:17

Cкульптара Гэніка Лойку прысудзілі да арышту тэрмінам 5 дзён за акцыю ў абарону беларускамоўнага навучання ў менскай гімназіі № 4.

Суддзя Людміла Лапо прызнала яго вінаватым у парушэнні закона аб масавых акцыях, перадае «Радыё Свабода». На падставе сведчанняў міліцыянтаў яна напісала ў пастанове, што Гэнік Лойка выкрыкваў заклікі «Гавары па-беларуску» і «Трэба змагацца за беларускую мову».

Падчас працэсу суддзя патрабавала, каб затрыманы і ягоны адвакат давалі сведчанні на расейскай мове, што з'яўляецца парушэннем Канстытуцыі.

Нагадаем, сёння каля ганка сталічнай гімназіі № 4 Лойка разгарнуў плакат з надпісам «Віншую з Днём роднай мовы. Гімназія № 4 была апошняй з беларускай мовай навучання».

За гэтымі дзеяннямі назіралі міліцыянты. Журналістам Гэнік Лойка заявіў, што адбываецца русіфікацыя адукацыі. У прыклад ён падаў той факт, што ў мінулым годзе ў статут беларускамоўнай гімназіі № 4 былі ўнесеныя змены, якія дазваляюць выкладаць на расейскай мове. Праз нейкі час Лойка скончыў пікетаванне і пайшоў. Пазней скульптар паспеў паведаміць праз тэлефон, што яго затрымалі.

Апошнія навіны