BE RU EN

Сяргей Анісько: Выбухі ў Віцебску і Лідзе - не апошнія

  • 21.02.2013, 10:23

Былы контрвыведнік і падпалкоўнік запасу КДБ Сяргей Анісько ўпэўнены, што прычынай спробы выбуху ў Віцебску стала пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі.

«Я думаю, што чалавек, які арганізаваў выбух каля Віцебскага КДБ, меў доступ на пэўныя прадпрыемствы, - заявіў «Салідарнасці» Сяргей Анісько. - Купіць у аптэцы гэтыя рэчывы немагчыма, на вуліцы - таксама. Так што ў гэтай справе задзейнічаны не адзін чалавек».

Разважаючы пра апошнія выбухі ў Беларусі, эксперт адзначыў:

«Гісторыя сведчыць, калі жыццё ў любой дзяржаве - не толькі ў Беларусі - пагаршаецца, калі ёсць супрацьстаянне ўлады і народа, людзі, якія ў сілу свайго характару радыкальна настроеныя, бяруць на ўзбраенне такія экстрэмальныя сродкі барацьбы. Выбухі ў менскім метро, у Віцебску і Лідзе - гэта не апошнія званочкі. Вядома, у нас не Палестына, але тым не менш».

Той факт, што абвінавачанай па справе апынулася жанчына, былога контрвыведніка здзівіў.

«З курса сусветнай гісторыі ў шэрагах тэрарыстаў-эсэраўцаў, памятаю, былі жанчыны, арганізоўвалі выбухі. Узрывалі Вільгельма Кубе… У канцы 90-х вясковыя дзяўчынкі спрабавалі спыніць цягнік Менск-Полацк у надзеі абкрасці пасажыраў. Праўда, не падрывалі яго, а накідалі бярвення. Але каб жанчына выбухоўку вырабляла... На маёй памяці такога не было».

Нагадаем, 11 лістапада ў 18.48 каля будынка Упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці адбыўся падрыў прымітыўнай спартовай піратэхнічнай прылады. У выніку былі пашкоджаныя два акна.

Па гарачых слядах былі затрыманыя тры чалавекі. Адзін з іх - са знешнімі прыкметамі адхіленняў ад нармальных паводзінаў раней тэлефанаваў ва УКДБ з некарэктнымі выказваннямі ў адрас органаў улады.

Крымінальная справа ўзбуджаная па частцы 3 артыкула 339 КК (асабліва злоснае хуліганства), што прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленне волі ад трох да дзесяці гадоў.

Учора КДБ паведаміў, што выбух арганізавала жанчына.

Апошнія навіны