BE RU EN

Старшыню Жодзінскага гарвыканкама пагражае 10 гадоў турмы

  • 19.02.2013, 21:22

Ва ўправу СК Менскай вобласці былі пададзеныя матэрыялы аб супрацьпраўнай дзейнасці былога старшыні Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

У 2009 годзе, займаючы пасаду старшыні Жодзінскага гарвыканкама, падазраваны падпісаў пастанову аб выдзяленні сабе зямельнага надзела і перадачы яго ў прыватную ўласнасць для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ў жодзінскім мікрараёне Лысая Гара кадастравым коштам 4.976.920 рублёў. Праз год, ужо не працуючы на пасадзе старшыні гарвыканкама, ён прадаў гэты ж надзел за 30.700.000 рублёў, піша БелаПАН.

Як устаноўлена аператыўнікамі, экс-чыноўніку было вядома, што ў адпаведнасці з перспектыўным планам забудовы зямельны пляц прызначаўся пад будаўніцтва сацыяльнага аб’екта.

У дачыненні да былога старшыні Жодзінскага гарвыканкама Генеральнай пракуратурай распачатая справа паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 424 КК Рэспублікі Беларусь, - злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, учыненае службовай асобай, якая займае адказную пасаду. Максімальнае пакаранне за названы склад злачынства - дзесяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Апошнія навіны