BE RU EN

Чавэс не можа гаварыць

  • 15.02.2013, 20:21

Улады Венесуэлы паведамілі, што Уга Чавэс не можа гаварыць праз наступствы лячэння.

Адначасова яны паказалі ягоныя фота, зробленыя ў гаванскай клініцы, дзе кіраўнік краіны лечыцца пасля зробленай яму ў снежні хірургічнай аперацыі для выдалення ракавай пухліны, паведамляюць vesti.ru.

На здымках лідар баліварыянскай рэвалюцыі разам з двума сваімі дочкамі, адна з якіх трымае ў руцэ ўчорашні асобнік кубінскай газеты «Гранма». З моманту вылету на Кубу 9 снежня 2012 Чавэс ні разу не з'яўляўся на тэлевізіі, ні ў радыёэфіры.

У кастрычніку мінулага года Уга Чавэс быў абвешчаны пераможцам на чарговых прэзідэнцкіх выбарах, аднак напачатку снежня абвясціў суграмадзянам, што вымушаны зноў вылецець на Кубу, бо мае патрэбу ў правядзенні яшчэ адной хірургічнай аперацыі.

Кіраўнік растлумачыў гэта тым, што ў яго арганізме зноў былі выяўленыя злаякасныя клеткі. Чацвёртая за паўтары гады аперацыя была зробленая ў Гаване 11 снежня. Улады паведамілі, што яна доўжылася шэсць гадзін і прайшла з ускладненнем у выглядзе моцнага крывацёку, які хірургам удалося спыніць.

Затым урад праінфармаваў аб тым, што ў пацыента была выяўленая інфекцыя дыхальных шляхоў, аднак яго стан ацэньваўся як «прагрэсіўны працэс стабілізацыі».

У пэўны момант улады нават паведамілі, што Чавэс ужо ходзіць па шпітальнай палаце і робіць рэкамендаваныя лекарамі практыкаванні, аднак потым была заява аб тым, што ў прэзідэнта паўсталі «новыя пасляаперацыйныя ўскладненні ў сувязі з інфекцыяй дыхальных шляхоў».

Апошнія навіны