BE RU EN

Віктар Івашкевіч: Ідэолагі - гэта натоўп дармаедаў

  • 15.02.2013, 18:23

Сярод людзей з кожным днём усё больш незадаволеных, і Лукашэнка спрабуе ўзмацніць адзін з інструментаў утрымання ўлады.

Так сайту charter97.org адзін з лідараў беларускай апазіцыі Віктар Івашкевіч пракаментаваў рост колькасці ідэолагаў.

«Гэта звязана з тым, што ўладная вертыкаль церпіць паразу ў ідэалагічнай вайне з насельніцтвам. Замест таго каб палепшыць дабрабыт народа, улада спадзяецца «прамываннем» глуздоў вярнуць ранейшы давер. Але ўсё безвынікова», - адзначыў палітык.

Ён таксама падкрэсліў, што ў свой час праз гэта прайшоў Савецкі Саюз, дзе была вялікая колькасць абсалютна непатрэбных партыйных і ідэалагічных работнікаў.

«Рэч у тым, што ідэолагі самі не вераць у тое, што яны кажуць. У краіне, дзе не хочуць бачыць плюсы ў інтэграцыі з Еўропай, уся ідэалогія выглядае наступным чынам: «Я начальнік, ты дурань». Дыктатар хоча, каб яму пакорліва падпарадкоўваліся і нават не турбуе сябе стварэннем міфа аб светлай будучыні.

Беларуская ўлада займаецца чарговым марнаваннем грошай і часу і стварае чарговую плойму дармаедаў. Неўзабаве яна сутыкнецца з тым, што ідэалагічныя работнікі будуць рыхтаваць «ліпавыя» справаздачы і праводзіць мерапрыемствы з мэтай адмывання грошай», - сказаў на заканчэнне Віктар Івашкевіч.

Нагадаем, да 2014 года плануецца стварэнне мэтавых пляцовак для развіцця ідэалагічнай практыкі ў кожным раёне Магілёўскай вобласці.

Пра гэта паведаміў начальнік управы ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч.

Апошнія навіны