BE RU EN

Жыхары Баранавічаў забаўляліся стральбой па аўтобусах

  • 15.02.2013, 16:04

Маладыя людзі патлумачылі супрацоўнікам праваахоўных органаў, што хацелі высветліць, як далёка даляціць куля.

Як паведаміла старшы следчы Баранавіцкага міжраённага аддзела Следчага камітэта РБ Марына Гладкая, познім вечарам 4 лютага на вуліцы Фабрычнай двое жыхароў Баранавічаў зрабілі тры стрэлы з пнеўматычнага пісталета ў напрамку аўтобуснага прыпынку, піша БелаПАН.

У выніку кулямі былі пашкоджаныя бакавыя вокны двух гарадскіх аўтобусаў, якія рухаліся па маршрутах № 4 і № 6.

«Грамадзяне, якія стралялі, былі затрыманыя. Абодва ў той момант знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. Свой учынак яны патлумачылі тым, што хацелі высветліць, як далёка даляціць куля і ці даляціць яна да дарогі. А ў якасці мішэні абралі аўтобусы, якія з невялікай розніцай у часе пад'ехалі да прыпынку», - распавяла Марына Гладкая.

Як патлумачыў адзін з падазраваных супрацоўнікам праваахоўных органаў, пнеўматычны пісталет ён набыў у мінулым годзе ў Маскве.

Шкода, прычыненая ААТ «Аўтобусны парк г. Баранавічы», склала больш за 800 тысяч рублёў.

У дачыненні да гараджан 14 лютага была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 3 арт. 339 КК РБ (хуліганства, здзейсненае з прымяненнем зброі), якая прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны