BE RU EN

Латвія пераходзіць на еўра

  • 15.02.2013, 13:05

Прэзідэнт Латвіі Андрыс Берзінш ухваліў закон аб увядзенні еўра.

Пра гэта партал Mixnews паведамляе са спасылкай на мясцовае выданне Latvijas Vēstnesis. Такім чынам, закон аб далучэнні балтыйскай краіны да еўразоны з 1 студзеня 2014 года прайшоў усе асноўныя інстанцыі ў Латвіі, піша lenta.ru.

Сейм Латвіі ўхваліў закон аб увядзенні еўра 31 студзеня. Умовы пераходу з адной валюты на іншую будуць падобнымі з тымі, па якіх у еўразону ўступалі іншыя краіны, напрыклад, Славакія, Славенія і Эстонія. Так, дзве валюты адначасова будуць дзейнічаць толькі першыя два тыдні 2014 года, пасля чаго расплачвацца ў краіне можна будзе толькі еўра. Пры гэтым кошты ў латах будуць паказваць у крамах яшчэ як мінімум паўгода.

Латвійскі лат існаваў у незалежнай Латвіі з 1922-га па 1940 год, а потым быў адроджаны ў 1993 годзе. Яго асаблівасцю з'яўляецца высокі кошт у адносінах да большасці валют свету - за адзін лат на рынку даюць амаль 1,9 даляра.

Латвія абмяркоўвала ўвядзенне еўра на працягу некалькіх гадоў - чакалася, што краіна можа ўступіць у еўразону ў 2008 годзе. Для гэтага ёй неабходна было выканаць некалькі базавых патрабаванняў ЕЗ па інфляцыі, узроўню дэфіцыту бюджэту і іншых макраэканамічных паказчыках. Яны былі выкананыя толькі ў пачатку наступнага дзесяцігоддзя, што і зрабіла магчымым ўвядзенне еўра ў 2014 годзе.

Першай краінай з ліку былых савецкіх рэспублік, якая ўвяла еўра, стала Эстонія. Гэта адбылося 1 студзеня 2011 года. У Літве раней заяўлялі, што маюць намер патрапіць у еўразону да 2015 года.

Апошнія навіны