BE RU EN

Наталля Пінчук: Адзіны шлях спыніць рэпрэсіі - ціск на ўладу

  • 14.02.2013, 16:28

Усе загады пра ціск на палітвязняў зыходзяць ад беларускага кіраўніка.

Пра гэта заявіла сайту charter97.org жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук.

«Кіраўніцтва калоніі матывавала новае спагнанне тым, што ў мужа нібыта былі грубыя парушэнні рэжыму ў канцы мінулага года, а таксама ў лютым гэтага года. Калі яны хочуць націснуць на чалавека, то робяць гэта. А калі ёсць жаданне пакараць вязня турмы, то падстава заўсёды знойдзецца. І тут нікому нічога тлумачыць не трэба», - адзначыла жонка праваабаронцы.

Яна таксама падкрэсліла той факт, што прычыны для «атручвання» жыцця знаходзяцца амаль кожны месяц, і ўсё паказвае на выбіванне з палітвязня прашэння аб памілаванні на адрас Лукашэнкі.

«На сістэму можна ўздзейнічаць толькі адным спосабам - ціскам на вярхі. Бо ўсе загады ідуць зверху і трэба ціснуць на таго, ад каго яны паступаюць. У дадзены момант падтрымка аказваецца з усіх бакоў. Грамадзянская супольнасць Беларусі і іншых дзяржаў праяўляе салідарнасць і выступае за вызваленне Алеся Бяляцкага. Я лічу, што трэба працягваць ісці ў гэтым кірунку», - завяршыла Наталля Пінчук.

Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны ў лістападзе 2011 года на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў з замежных рахункаў. На самай справе грошы на тых рахунках прызначаліся для праваабарончай дзейнасці. Краіны ЕЗ, ЗША, праваабаронцы лічаць яго палітвязнем і патрабуюць неадкладнага вызвалення.

Апошнія навіны