BE RU EN

Помнікі архітэктуры размалёўваць можна, помнік Леніну - не?

  • 14.02.2013, 13:43

Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Гомельскага гарвыканкама даслала адказ на зварот грамадскага актывіста Канстанціна Жукоўскага.

Ён прасіў даць яму дазвол размаляваць помнік Леніну на аднайменнай плошчы. Такая ідэя з'явілася ў заяўніка пасля таго, як ён убачыў на вуліцах Пралетарскай і Кірава дамы, якія з'яўляюцца помнікамі гісторыі, але якія пры гэтым размаляваныя, піша ПЦ «Вясна».

«У мэтах прыцягнення замежных інвестыцый і турыстаў, і для стварэння пазітыўнага ўспрымання краіны ў цэлым, выкарыстоўваючы напрацаваныя навыкі па расфарбаўцы сцен дамоў па вуліцах Пралетарскай і Кірава, прашу дазволіць мне размаляваць шэры, змрочны помнік Леніну, які непрыгожа вылучаецца на фоне царквы і парку», - напісаў у заяве Канстанцін Жукоўскі.

Ён дадаў, што помнік Леніну, як і дамы па вуліцах Кірава і Пралетарскай, з'яўляюцца помнікамі архітэктуры.

Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва адказала апазіцыянеру на беларускай мове, таму што, згодна з законам «Аб зваротах грамадзян», адказы чыноўнікаў павінны быць на той мове, на якой звяртаюцца грамадзяне. Але сэнс «беларускіх словаў» цяжка зразумець. Напрыклад, як зразумець выраз «ваша прапанова заслугоўвае заўвагу?», або «няма клопату аб неабходнасці яго упрыгоджання», або «роспіс сцен зроблены маладымі таленавітымі мастакамі задарма»?

І пасля такой лексічнай «кашы» чыноўнікі пішуць, што рэалізацыя прапановы Канстанціна Жукоўскага была б непавагай да аўтара помніка Леніна, і «выразам жахлівага і выродлівага густу з боку аўтара вышэйназванай прапановы».

Апошнія навіны