Расея выпадкова ўтапіла амерыканскі спадарожнік
- 1.02.2013, 13:57
Ракета-носьбіт «Зэніт-3SL», якая несла спадарожнік сувязі Intelsat-27, выраблены амерыканскай кампаніяй Boeing Satellite Systems, не здолела выйсці на арбіту.
Ракета разам са спадарожнікам упала ў Ціхі акіян. «Цяпер разбіраемся, што адбылося», - заявіў кіраўнік РКК «Энэргія» Віталь Лапота.
«Адбылася пазаштатная сітуацыя - аварыйнае адключэнне рухавіка першай ступені - прыкладна на 50-й секундзе палёту», - распавёў ён «РИА Новости». Згодна з удакладненымі звесткамі, ракета ўпала недалёка ад плывучай платформы «Адысей», адкуль яна стартавала.
Раней запуск ракеты-носьбіта з марскога старту пераносіўся на дзень. Тады прадстаўнікі ракетна-касмічнай галіны заявілі, што гэта абумоўлена вонкавымі арганізацыйнымі, а не тэхнічнымі прычынамі.
Запуск праводзіўся з марскога касмадрома «Марскі старт». З 2010 года вызначальная роля ў праекце належыць расейскай карпарацыі «Энэргія».