BE RU EN

Кітайцы абвясцілі «вялікую бітву» Дзвіне

  • 6.12.2013, 18:04

На беразе Дзвіны з'явіліся гіганцкія кітайскія іерогліфы.

Яны былі ўсталяваныя на месцы будаўніцтва Віцебскай гідраэлектрастанцыі, насупраць гарадскога пасёлка Лужэсна. Іерогліфы былі намаляваныя на 12 вялікіх белых шчытах. Адзіны з іх, які зразумелы звычайнаму беларусу - гэта колькасць «60», напісаная арабскімі лічбамі, пішуць «Народныя навіны Віцебска».

Журналістам удалося атрымаць пераклад гэтага лозунгу.

Ён, прыблізна, абвяшчае наступнае: «Вялікая бітва за тое, каб перакрыць раку плацінай для ГЭС за 60 дзён згодна з графікам работ» - цалкам у духу беларускіх рэалій, толькі замест бітвы за ўраджай - бітва з ракой і за плаціну.

Пакуль што «поле бітвы» застаецца пустынным. Ніякіх, прыкметных воку, работ не вядзецца. Дзвіна спакойна нясе першыя ільдзінкі, а ў затоках за зробленым для плаціны насыпам ваду ўжо скаваў лёд.

Калі пачаліся і калі скончацца гэтыя 60 дзён «вялікай бітвы», на жаль, устанавіць не ўдалося. Згодна з пашпартам аб'екта будаўніцтва Віцебскай ГЭС пачалося ў красавіку 2013, а скончыцца ў студзені 2017 года.

Віцебская ГЭС будзе мець устаноўленую магутнасць 40 МВт, найбольшую колькасць энергіі яна будзе выпрацоўваць у красавіку - 40 мільёнаў кВтхг.

Дамоўленасць аб падпісанні крэдытнага пагаднення ў фінансаванні будаўніцтва Віцебскай гідраэлектрастанцыі з Дзяржаўным банкам развіцця Кітая была дасягнутая ў жніўні 2011 года. Тады планавалася, што будаўніцтва пачнецца ў 2012 годзе, а распачне працу электрастанцыя ў 2015 годзе.

Апошнія навіны