BE RU EN

Лукашэнка супраць продажу МЗКЦ замежным інвестарам

  • 6.12.2013, 12:38

Кіраўнік выступае супраць продажу Менскага завода колавых цягачоў замежнаму інвестару.

«Я, вядома, катэгарычна супраць гэтага», - заявіў Лукашэнка ў пятніцу ў Менску, узнагароджваючы аўтарскі калектыў МЗКЦ, які стаў лаўрэатам дзяржпрэміі ў галіне навукі і тэхналогій, піша «Інтэрфакс».

«Мы вельмі шмат зрабілі для гэтага завода, і я хацеў бы, каб ён квітнеў. Мяне здзіўляе тая стараннасць, з якой сёння, не ведаю завод або ўрад, хочуць яго прадаць», - сказаў ён.

У той жа час Лукашэнка заклікаў старанна ўзважыць усе «за» і «супраць» продажу гэтага прадпрыемства. «Але паўстае пытанне: ці не адстанеце вы ад сусветных тэндэнцый (пры адмове прадаваць), ці не абыдуць нас тыя, хто возіць на гэтых шасі ядзерныя боегалоўкі і іншыя зарады?» - сказаў Лукашэнка. «Я маю на ўвазе Расею, Кітай, дзе ваша прадукцыя (МЗКЦ) карыстаецца попытам», - удакладніў кіраўнік. «Калі не адстанем, тады не трэба прадаваць», - падкрэсліў ён. «Мы павінны гандляваць гэтым таварам, які вы ствараеце, і, відаць, нядрэнна па якасці працуюць», - працягнуў ён.

«Вы падумайце вельмі сур'ёзна», - заклікаў Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што вызначальную ролю ў вырашэнні пытання аб продажы прадпрыемства павінны гуляць яго работнікі. «Працоўны калектыў у першую чаргу вырашае, прадаць частку або ў цэлым завод ці не прадаць, а прэзідэнт ставіць подпіс апошнім», - нагадаў кіраўнік. «Падумайце, МЗКЦ - вельмі вялікая перспектыва», - сказаў ён. «І калі прадаваць, то трэба прадаваць не спажыўцам», - перакананы Лукашэнка.

ААТ «Менскі завод колавых цягачоў» з'яўляецца адным з удзельнікаў сумесных беларуска-расейскіх інтэграцыйных праектаў.

Апошнія навіны