BE RU EN

Баўмгертнер захаваў пасаду гендырэктара «Уралкалію»

  • 3.12.2013, 10:46

Савет дырэктараў «Уралкалію» прыняў рашэнне пакінуць генеральным дырэктарам Уладзіслава Баўмгертнера.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні «Уралкалію».

Таксама там адзначаецца, што Аляксандр Валошын захаваў пасаду старшыні савета дырэктараў.

Нагадаем, кіраўнік «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў канцы жніўня ў Менску. Следчы камітэт Беларусі прад'явіў яму абвінавачанне па артыкуле «Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі», які затым перакваліфікавалі на «Крадзеж». У канцы верасня Баўмгертнер быў пераведзены з СІЗА КДБ пад хатні арышт.

Пазней Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу супраць Баўмгертнера, а Басманны суд Масквы завочна заключыў яго пад варту. Ён абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 33, ч. 2 арт. 201 КК РФ, «а менавіта ў тым, што, з'яўляючыся асобай, якая выконвае кіраўніцкія функцыі ў камерцыйнай арганізацыі, выкарыстаў свае паўнамоцтвы насуперак законным інтарэсам гэтай арганізацыі і ў мэтах здабывання выгод і пераваг для сябе і іншых асоб, што пацягнула цяжкія наступствы».

22 кастрычніка ў ходзе двухбаковых кансультацый прадстаўнікам Генеральнай пракуратуры Беларусі быў перададзены запыт Генеральнай пракуратуры аб выдачы і экстрадыцыі прадпрымальніка ў Расею. 20 лістапада Генеральная пракуратура Беларусі пагадзілася на экстрадыцыю Баўмгертнера.

Фота: РІА «Новости»

Апошнія навіны