BE RU EN

Улады адмовіліся абмяркоўваць ўшчыльненне Гомеля

  • 3.12.2013, 10:19

Грамадскія слуханні па пытанні ўшчыльнення цэнтральнай частцы горада сарваныя.

Адміністрацыя Цэнтральнага раёна Гомеля 2 снежня даслала адказ на прапанову грамадскіх актывістаў аб правядзенні грамадскіх слуханняў па пытанні зносу прыватных дамоў і ўшчыльненню забудовы.

Улады адказалі, што падстаў для правядзення такога мерапрыемства няма, паколькі ўшчыльненне забудовы прадугледжана горадабудаўнічым праектам, паведамляе БелаПАН.

«Усю аднапавярховую забудову ў Гомелі плануюць знесці ўжо на працягу больш дзесяці гадоў, у сувязі з гэтым людзям не даюць перабудаваць свае домікі, ды і самі жыхары прыватных дамоў не хочуць рабіць рамонт, ведаючы, што рана ці позна іх знясуць. А тэрмінаў ніхто не называе. Да таго ж пасля ўшчыльнення забудовы ўзрасце колькасць аўтамабіляў у цэнтры горада, а гэта значыць – заторы на дарогах, загазаванасць. Таму жыхары вуліц у цэнтры Гомеля ініцыявалі грамадскія слуханні, каб абмеркаваць гэтае пытанне з уладамі, - каментуе грамадскі актывіст Кастусь Жукоўскі. - Мы сабралі подпісы, накіравалі зварот. У аддзеле архітэктуры запэўнілі, што сустрэнуцца з людзьмі і адкажуць на ўсе пытанні, заставалася толькі прызначыць дзень, але нечакана прыйшла адмова ў правядзенні грамадскіх слуханняў».

Актывісты будуць абскарджваць гэтае рашэнне раённай адміністрацыі і дамагацца правядзення грамадскіх слуханняў.

Апошнія навіны