BE RU EN

Джэф Плат возьме ўдзел у Матчы Зорак КХЛ

  • 27.12.2013, 15:07

Канадскі форвард беларускай зборнай па хакеі прыме ўдзел у Матчы Зорак Кантынентальнай хакейнай лігі.

Зборныя Захаду і Усходу, якія 11 студзеня будучага года возьмуць удзел у Матчы Зорак Кантынентальнай хакейнай лігі, папаўняюцца новымі гульцамі. Улічваючы інтарэсы заўзятараў і разумныя меркаванні прафесійных хакейных журналістаў, КХЛ прыняла рашэнне аб уключэнні ў зорныя каманды чатырох форвардаў.

Да зборнай Захаду далучацца Джэф Плат з менскага «Дынама» і Якуб Клепіш з «Льва», зборная Усходу атрымае падмацаванне ў асобе Дзяніса Паршына з «Тарпеда» і Яўгена Кузняцова з «Трактара», паведамляе афіцыйны сайт лігі.

Нагадаем, у кастрычніку галкіпер Кевін Лаланд і форвард Джэф Плат, якія гуляюць у ХК «Дынама»-Менск, атрымалі дазвол ад Міжнароднай федэрацыі хакея выступаць за зборную Беларусі. Адпаведнае пацвярджэнне ад ІІХФ было атрымана Асацыяцыяй «Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь». Плат і Лаланд атрымалі беларускае грамадзянства яшчэ ў снежні 2011 года, аднак да кастрычніка гэтага года не маглі гуляць за нацыянальную зборную Беларусі.

Апошнія навіны