BE RU EN

Медыцына для «дармаедаў» стане платнай

  • 26.12.2013, 16:07

Таксама беларусы, якія афіцыйна не працуюць, будуць плаціць больш за «камуналку».

Падатку на дармаедства ў 2014 годзе не будзе. Пра гэта сёння заявіў першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Уладзімір Амарын, паведамляе БелТА.

«Пакуль ніякія рашэнні па ўвядзенні падатку з дармаедаў не прымаліся, і ў бюджэце на 2014 год ён ніяк не адлюстраваны, - сказаў Уладзімір Амарын. - Міністэрства фінансаў цяпер гэтым пытаннем не займаецца, таму што ніякія асаблівыя падатковыя абцяжаранні для непрацуючых грамадзян не разглядаюцца. У 2014 годзе падатак на дармаедства не будзе ўведзены».

Намеснік міністра выказаў здагадку, што пытанне збірання платы з непрацуючых грамадзян будзе вырашацца «не ў плоскасці падаткаабкладання». Адным з варыянтаў збірання платы могуць стаць сацыяльныя карты, і гэты варыянт цяпер прапрацоўваецца, у тым ліку Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.

Уладзімір Амарын таксама агучыў пункт гледжання Мінфіна з нагоды неабходнасці ўвядзення платы за сацпаслугі з непрацуючых грамадзян.

«На нашу думку, людзі, якія не ўдзельнічаюць у фармаванні валавога ўнутранага прадукту, не аплочваюць падаходны падатак у бюджэт краіны, а таксама адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны і пры гэтым карыстаюцца льготамі па аказанні бясплатнай меддапамогі, бясплатнай адукацыяй, льготамі на камунальныя паслугі і транспарт, гэта значыць цэлым наборам паслуг, павінны неяк кампенсаваць кошт гэтых паслуг альбо аплачваць іх», - сказаў ён.

Нагадаем, два месяцы таму стала вядома, што ў Беларусі прапрацоўваецца пытанне па вызначэнні механізму кампенсацыі непрацуючым эканамічна актыўным насельніцтвам часткі дзяржаўных выдаткаў на аказанне ім і іх сем'ям сацыяльных і іншых паслуг, якія датуюцца дзяржавай. Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік на анлайн-канферэнцыі, якая прайшла на сайце ведамства.

Чыноўнік адзначыў, што ў адпаведнасці з артыкулам 56 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь грамадзяне абавязаныя браць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.

Апошнія навіны