Удзельнікаў акцыі «Стоп-падатак» выклікаюць у ДАІ
- 24.12.2013, 7:55
Даішнікі зацікавіліся менчукамі, якія знаходзіліся на праспекце Незалежнасці ўвечары ў пятніцу 20 снежня.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў адзін з чытачоў.
«Нас, удзельнікаў, па тэлефоне пачалі выклікаць на Дзяржынскага, 3», - напісаў ён. Па гэтым адрасе знаходзіцца Упраўленне ДАІ па Менску. Пра наступствы выклікаў пакуль невядома.
Акцыя «Стоп падатак» супраць увядзення пошліны на аўто прайшла 20 снежня ў шматлікіх гарадах Беларусі. Самай шматлікай яна была ў Менску. Сталічныя аўтамабілісты спынілі рух па праспекце Незалежнасці амаль на гадзіну. Акцыю падтрымалі сотні мінакоў.
Падчас мерапрыемства былі затрыманыя некалькі чалавек – як кіроўцы, так і звычайныя мінакі. Учора прайшлі суды над імі. Людзей прысудзілі да штрафаў і адміністрацыйнага арышту на тэрмін ад 5 да 12 сутак.